﻿ПСАЛТЫР.
138.
Кіроўцу хору. Псальма Давідава. Госпадзе! Ты выпрабаваў мяне і ведаеш. 
Ты ведаеш, калі я сядаю і калі ўстаю; Ты разумееш думкі мае здалёк. 
Ці іду я, ці адпачываю, - Ты акружаеш мяне і ўсе дарогі мае Табе вядомыя. 
Яшчэ слова няма на мове маёй, - Ты, Госпадзе, ужо ведаеш яго дасканала. 
Ззаду і сьпераду атачыў Ты мяне і кладзеш на мяне руку Тваю. 
Дзіўнае мне Тваё веданьне - высока, дасягнуць яго не магу! 
Куды пайду ад Духа Твайго, ад аблічча Твайго куды ўцяку? 
Ці на неба ўзыду - Ты там; ці сыду ў апраметную - і там Ты. 
Ці вазьму крылы золку і перасялюся на край мора, - 
і там рука Твая мяне павядзе, і ўтрымае мяне правіца Твая. 
Ці скажу: можа, цемра ўкрые мяне, і сьвятло навокал мяне зробіцца ноччу; 
але і цемра Цябе ад мяне не зацемрыць, і ноч сьветлая, быццам дзень; як цемра, так і сьвятло. 
Бо Ты ўладзіў вантробы мае і выткаў мяне ў чэраве маці маёй. 
Слаўлю Цябе, бо я дзівосна зладжаны. Дзівосныя дзеі Твае, і душа мая ўсьведамляе гэта, 
Не схаваны былі ад Цябе косткі мае, калі мяне ў таямніцы стваралі, складалі мяне ў глыбіні нутрыны. 
Зародак мой бачылі вочы Твае; у Тваёй кнізе запісаны ўсе дні, мне назначаныя, калі ніводнага зь іх яшчэ ня было. 
Якія ўзьнёслыя для мяне намеры Твае, Божа, і як многа іх лікам! 
Ці ж палічу іх, калі іх больш, чым пяску, калі прачынаюся, я ўсё Яшчэ з Табою. 
О, калі б Ты, Божа, пабіў бязбожнага! Адыдзеце ад мяне, крыважэрныя! 
Яны гавораць супроць Цябе бязбожна; марнае намышляюць ворагі Твае. 
Ці ж мне ненавідзець Тваіх ненавісьнікаў, Госпадзе, і не пагрэбаваць тымі, што паўстаюць на Цябе? 
Поўнаю нянавісьцю ненавіджу іх; ворагі яны мне. 
Выпрабуй мяне, Божа, і ўведай сэрца маё; выпрабуй мяне, і ўведай намеры мае, 
і глядзі, ці дарога мая бясьпечная, і накіруй мяне на шлях вечны. 
