﻿ПСАЛТЫР.
140.
Госпадзе! да Цябе заклікаю; пасьпяшайся да мяне, уваж голасу маленьня майго, калі клічу Цябе. 
Хай пойдзе малітва мая, як фіміям, да аблічча Твайго, уздыманьне рук маіх - як ахвяра вячэрняя. 
Пакладзі, Госпадзе, ахову на вусны мае, і аслані дзьверы вуснаў маіх; 
ня дай нахіліцца сэрцу майму да словаў падступных, і на перапросіны дзеяў грахоўных і людзей, што беззаконьне ўчыняюць, і хай не скаштую я іхніх прысмакаў. 
Хай карае мяне праведнік: гэта - міласьць; хай выкрывае мяне: гэта - найлепшы алей, які не пашкодзіць галаве маёй; а малітвы мае - супраць зладзействаў іхніх. 
Іхнія правадыры рассыпаліся па скалах, і чуюць, што словы мае лагодныя. 
Быццам зямлю расьсякаюць і трушчаць нас; сыплюцца косткі нашыя ў шчэлепы апраметнай. 
Але да Цябе, Госпадзе, Госпадзе, вочы мае; на Цябе спадзяюся, не адкінь душы маёй! 
Ахавай мяне ад пастак, пастаўленых на мяне, ад цянётаў беззаконцаў. 
Хай трапяць бязбожнікі ў сеткі свае, а я перайду. 
