﻿ПСАЛТЫР.
144.
Хвала Давідава. Хваліць буду Цябе, Божа мой, Цару мой, і дабраслаўляць імя Тваё векі вечныя. 
Кожны дзень дабраслаўляць буду Цябе і хваліць імя Тваё векі вечныя. 
Вялікі Гасподзь і праслаўлены вельмі, і веліч Ягоная недасьледная. 
Род у род будзе хваліць дзеі Твае і абвяшчаць магутнасьць Тваю. 
А я буду разважаць пра высокую славу велічы Тваёй і пра высокія чыны дзеі Твае. 
Буду казаць пра моц страшных дзеяў Тваіх, і я буду абвяшчаць веліч Тваю. 
Будуць абвяшчаць памяць вялікай даброці Тваёй і распавядацьмуць праўду Тваю. 
Шчодры і міласэрны Гасподзь, вельмі цярплівы і вельмі мілажальны. 
Добры Гасподзь да ўсіх, і шчадроты Ягоныя на ўсіх дзеях Ягоных. 
Хай славяць Цябе, Госпадзе, усе дзеі Твае, і хай дабраслаўляюць Цябе сьвятыя Твае; 
хай прапаведуюць славу царства Твайго і распавядаюць пра магутнасьць Тваю, 
каб перадаць сынам чалавечым пра моц Тваю і пра слаўную веліч царства Твайго. 
Царства Тваё - царства ўсіх вякоў, і валадарства Тваё - ва ўсе роды. 
Гасподзь падтрымлівае ўсіх, хто падае, і падымае ўсіх, хто ўпаў. 
Вочы ўсіх спадзяюцца на Цябе, і Ты даеш ім ежу сваім часам; 
адкрываеш руку Тваю і корміш усіх жывых па добрай волі. 
Праведны Гасподзь на ўсіх дарогах Сваіх і добры ва ўсіх дзеях Сваіх. 
Блізкі Гасподзь да ўсіх, хто кліча Яго, да ўсіх, хто кліча Яго ў праўдзе. 
Жаданьне тых, што баяцца Яго, Ён выконвае, скаргі іхнія чуе, і ратуе іх. 
Асланяе Гасподзь усіх, хто любіць Яго, а ўсіх бязбожных зьнішчае. 
Вусны мае вымавяць хвалу Гасподнюю, і хай дабраслаўляе ўсякае цела сьвятое імя Ягонае вечна. 
