﻿КНІГА ВЫСЛОЎЯЎ САЛАМОНАВЫХ.
1.
Выслоўі Саламона, сына Давідавага, цара Ізраільскага. 
Каб спазнаць мудрасьць і настаўленьне, зразумець разумныя выслоўі; 
засвоіць правілы добрай разважлівасьці, справядлівасьці, права і слушнасьці; 
прастадушным даць кемнасьць, юнаку - веды і разважлівасьць; 
паслухае мудры і памножыць веды, і разумны знойдзе мудрыя парады; 
каб разумець выслоўе і загадкавую мову, словы мудрацоў і загадкі іхнія. 
Пачатак мудрасьці - страх Гасподні; толькі дурні пагарджаюць мудрасьцю і настаўленьнем. 
Слухай, сыне мой, настаўленьне бацькі твайго, і не адкідай запавету маці тваёй: 
бо гэта - прыгожы вянок на галаву тваю і акраса на шыю тваю. 
Сыне мой! калі цябе будуць намаўляць грэшнікі, не згаджайся. 
Калі будуць казаць: «ідзі з намі, зробім засаду на кроў, падпільнуем бязгрэшнага і бязьвіннага, 
жывых праглынем іх, як апраметная, і - цэлых, як тых, што ў магілу сыходзяць; 
набяром усякага каштоўнага дабра, напоўнім дамы нашыя здабычаю; 
далучы сваю долю да нашай, складка адна будзе на ўсіх нас»: 
Сыне мой! не хадзі адною дарогаю зь імі, утрымай нагу тваю ад сьцежкі іхняй, 
бо іхнія ногі бягуць да ліхога і сьпяшаюцца кроў праліваць. 
На вачах ва ўсіх птушак дарма раскідаецца сетка; 
а яны кроў сваю сочаць, засады ладзяць на душы свае. 
Такія дарогі ва ўсіх, хто прагне чужога дабра: яно забірае жыцьцё ў свайго ўласьніка. 
Мудрасьць кліча на вуліцах, на плошчах узносіць свой голас, 
на шумных сходах прапаведуе, каля гарадское брамы прамаўляе слова сваё: 
«Дакуль, немысьлі, любіцьмеце невуцтва? дакуль пакепнікі будуць кепствам цешыцца? дакуль бязглуздыя будуць ненавідзець навуку? 
паслухайце маёй засьцярогі: вось, я вылью на вас Духа майго, абвяшчу вам словы мае. 
Я клікала, а вы не паслухаліся; я падавала руку маю, і ніхто не зважаў; 
і вы адкінулі ўсе мае рады, і перасьцярогаў маіх не прынялі: 
за тое і я пасьмяюся з вашай пагібелі; парадуюся, калі прыйдзе ваш страх; 
калі прыйдзе ваш страх, як бура, і няшчасьце, як віхура, наляціць на вас; калі спадобіць вас нядоля і ўціск. 
Тады будуць клікаць мяне, і я не пачую. 
За тое, што зьненавідзелі веды і ня выбралі страху Гасподняга, 
не схацелі парады маёй, пагардзілі ўсімі перасьцярогамі маімі; 
за тое няхай ядуць яны з плоду дарог сваіх і насычаюцца з парадаў сваіх. 
Бо адступніцтва неразумных заб'е іх, і бястурботнасьць немысьляў загубіць іх. 
А хто мяне слухае, будзе жыць у бясьпецы і спакойна, не баючыся ліха». 
