﻿ВЫСЛОЎІ.
2.
Сыне мой, калі ты прымеш словы мае і захаваеш пры сабе запаведзі мае, 
і вуха сваё прыхіліш да мудрасьці і прытуліш сэрца тваё да разважлівасьці, 
калі будзеш клікаць да ведаў і зьвяртацца да розуму; 
калі будзеш шукаць яго, нібы срэбра, і знаходзіць яго, нібы скарб: 
тады ўразумееш страх Гасподні і знойдзеш спазнаньне Бога. 
Бо Гасподзь дае мудрасьць; і з вуснаў Яго - веды і розум; 
Ён дае праведным выратаваньне; Ён - шчыт тым, што ў беззаганнасьці ходзяць. 
Ён ахоўвае дарогу праўды і асланяе сьцежку сьвятых Сваіх. 
Тады ты зразумееш справядлівасьць і права і шчырасьць, усялякую сьцежку дабра. 
Калі мудрасьць увойдзе ў сэрца тваё, і веды будуць прыемныя душы тваёй: 
тады разважлівасьць будзе берагчы цябе, розум будзе ахоўваць цябе, 
каб адвесьці цябе ад дарогі ліхое, ад чалавека, які гаворыць няпраўду, 
ад тых, што пакідаюць дарогі простыя, каб хадзілі дарогамі цемры; 
ад тых, што радуюцца, робячы ліхое, захапляюцца ліхою распустай, 
у якіх дарогі крывыя і якія блукаюць па сьцежках сваіх; 
каб уратаваць цябе ад жонкі другога, чужой, якая злагоджвае словы свае, 
якая пакінула сябра маладосьці сваёй і занядбала запаведзь Бога свайго. 
Дом яе вядзе да сьмерці, і сьцежкі яе - да мёртвых; 
ніхто, увайшоўшы да яе, не вяртаецца і ня ступае на дарогу жыцьця. 
Таму хадзі дарогаю добрых і трымайся сьцежкі праведнікаў, 
бо праведныя будуць жыць на зямлі, і беспахібныя застануцца на ёй; 
а бязбожныя будуць вынішчаны зь зямлі, і няверныя выкарчаваны зь яе. 
