﻿ВЫСЛОЎІ.
3.
Сыне мой! навукі маёй не забывай, і запаведзі мае хай захоўвае сэрца тваё; 
бо даўжыні дзён, гадоў жыцьця і міру яны памножаць табе. 
Літасьцівасьць і праўда хай не пакідаюць цябе; абвяжы імі шыю тваю, напішы іх на скрыжалі сэрца твайго: 
і здабудзеш мудрасьць і ласку ў вачах Бога і людзей. 
Спадзявайся на Госпада ўсім сэрцам тваім і не кладзі надзеі на розум твой. 
На ўсіх дарогах тваіх спазнавай Яго, і Ён выпрастуе шляхі твае. 
Ня будзь мудрацом у вачах тваіх; бойся Госпада, і пазьбягай ліха; 
Гэта будзе здароўе целу твайму і ежа касьцям тваім. 
Шануй Госпада ад імя твайго і ад пачаткаў усіх прыбыткаў тваіх; 
і напоўняцца засекі твае зь верхам, і чавільні твае будуць налівацца новым віном. 
Пакараньня Гасподняга, сыне мой, не адхіляй, і ня лічы за лішніцу перасьцярогі Ягоныя; 
бо, каго любіць Гасподзь, таго карае і дабра зычыць таму, як бацька сыну свайму. 
Шчасны той чалавек, які надбаў мудрасьць, і чалавек, які здабыў розум! 
Бо здабываньне яе лепшае за здабываньне срэбра, і прыбытку зь яе больш, чым ад золата. 
Яна даражэйшая за каштоўныя камяні; і нішто з таго, што жадана табе, не зраўняецца зь ёю. 
Даўгадзённасьць у правіцы ў яе, а ў лявіцы багацьце і слава; 
шляхі яе - шляхі прыемнасьці, і ўсе сьцежкі яе - мірныя. 
Яна - дрэва жыцьця тым, што называюць яе, - і шчасныя тыя, што маюць яе! 
Гасподзь мудрасьцю ўтварыў зямлю, нябёсы паставіў розумам; 
Яго мудрасьцю адчыніліся бездані, і воблакі кропяць расою. 
Сыне мой, ня ўпускай з вачэй тваіх гэтага; захоўвай здаровае мысьленьне і разважлівасьць: 
і яны будуць жыцьцём душы тваёй і акрасаю шыі тваёй. 
Туды бясьпечна пойдзеш шляхам тваім і нага твая не спатыкнецца. 
Калі ляжаш спаць, ня будзеш баяцца; і як засьнеш, сон твой салодкі будзе. 
Не збаішся раптоўнага страху і пагібелі ад бязбожных, калі яна прыйдзе; 
бо Гасподзь будзе надзеяй тваёй і ўтрымае нагу тваю ад пасткі. 
Не адмаўляйся рабіць дабро, калі яно трэба, калі рука твая можа зрабіць гэта. 
Не кажы сябру твайму: «ідзі і прыйдзі зноў, і заўтра я дам», калі маеш з сабою. 
Не намышляй супроць блізкага твайго ліха, калі ён бясьпечна жыве з табою. 
Не сварыся з чалавекам бяз прычыны, калі ён не зрабіў табе благога. 
Не зайздросьці посьпехам гвалтаўніка і не бяры сабе за прыклад шляхі ягоныя, 
бо Гасподзь грэбуе тым, хто распусны, а справядлівага даверам Сваім адарае. 
Праклён Гасподні на дом бязбожніка, а дом пабожнага Ён дабраслаўляе. 
Калі з блюзьнераў Ён насьміхаецца, дык пакорным дае мілату. 
Мудрыя спадкуюць славу, а непапраўныя немысьлі - ганьбу. 
