﻿ВЫСЛОЎІ.
5.
Сыне мой! слухай мудрасьці маёй і нахілі вуха тваё да навукі маёй, 
каб датрымацца добрае рады і каб вусны твае хвалілі спазнанае. 
Бо мёд цячэ з вуснаў чужое жонкі, і мякчэйшая за алей гаворка ў яе; 
але весьнік яе горкі, нібы палын, востры, як меч двусечны, 
ногі яе сыходзяць да сьмерці, ступакі яе дастаюць да апраметнай. 
Каб ты не спасьцігнуў сьцежкі жыцьця яе, дарогі яе нясталыя, і ты ня зьведаеш іх. 
Дык вось, дзеці, паслухайце мяне і не адступайцеся ад словаў вуснаў маіх. 
Далей ад яе ідзі па дарозе тваёй і не падыходзь пад дзьверы дома яе, 
каб здароўя твайго не аддаў іншым і гадоў тваіх бязьлітасьніку; 
каб не насычаліся сілаю тваёю чужынцы і праца твая ня ішла ў чужы дом. 
І ты ўрэшце будзеш стагнаць, калі плоць твая і цела зьнямогуцца, 
і скажаш: «навошта я ненавідзеў навуку, і сэрца маё асьцярогамі пагарджала, 
і я ня слухаў голасу настаўнікаў маіх, не нахіляў вуха майго да настаўнікаў? 
Ледзь ня ўпаў я ў вялікае ліха сярод сходу і грамады!» 
Пі ваду з тваёй крыніцы, тую, якая цячэ з тваёй студні. 
Хай не разьліваюцца крыніцы твае па вуліцы, патокі водаў - па плошчах; 
хай яны будуць належаць табе самому, а ня чужым з табою. 
Крыніца твая хай дабраславёная будзе; і радуйся з жанчынай тваёй маладосьці, 
любаснаю касуляю і прыгожаю сарнаю; грудзі яе хай упояць цябе ў кожны час; каханьнем яе цешся заўсёды. 
І навошта табе, сыне мой, захапляцца распусьніцаю і абдымаць грудзі чужое? 
Бо перад вачыма Госпада ўсе шляхі чалавека, і Ён прастуе ўсе сьцежкі яго. 
Беззаконнага ловяць уласныя беззаконьні яго, і путамі грэху свайго ён павязаны. 
Ён памірацьме без настаўленьня і ў вялікай сваёй неразумнасьці наблукаецца. 
