﻿ВЫСЛОЎІ.
6.
Сыне мой! калі ты паручыўся за блізкага свайго і даў руку тваю за другога, 
і аблытаў сябе словамі вуснаў тваіх, злоўлены словамі вуснаў тваіх, 
зрабі ж, сыне мой, вось што: вызваліся, бо ты трапіў у рукі блізкага твайго: ідзі, упадзі да ног і ўмольвай блізкага твайго; 
не давай сну вачам тваім і дрымоты вейкам тваім; 
ратуйся, як сарна з рукі, і як птушка з рукі птушкалова, 
падыдзі да мурашкі, гультаю, паглядзі на шляхі яе, і будзь мудры. 
Няма ў яе ні валадара, ні прыстаўленага, ані ўпраўцы; 
а яна рыхтуе летам свой хлеб, зьбірае ў час жніва пракорм свой. 
Дакуль ты, гультаю, будзеш ляжаць? калі ты ўстанеш ад сну твайго? 
Крыху пасьпіш, крыху падрэмлеш, крыху склаўшы рукі паляжыш: 
і прыйдзе, нібы валацуга, беднасьць твая, і галеча твая, як разбойнік. 
Чалавек падступны, чалавек бязбожны ходзіць зь ілжывымі вуснамі, 
міргае вачыма сваімі, гаворыць нагамі сваімі, дае знакі пальцамі сваімі; 
хітрына ў сэрцы ў яго, ён намышляе ліхое ва ўсякі час, сее разлад. 
Таму зьнянацку прыйдзе пагібель яго, раптам будзе разьбіты - без ацаленьня. 
Вось гэтыя шэсьць ненавідзіць Гасподзь, нават сем, - агіда душы Яго: 
вочы ганарыстыя, язык хлусьлівы і рукі, што праліваюць нявінную кроў, 
сэрца, якое куе ліхія намыслы, ногі, якія шпарка бягуць да ліхадзейства, 
ілжывы сьведка, які хлусіць, і той, хто сее разлад між братамі. 
Сыне мой! захоўвай запаведзі бацькі твайго і не адкідай настаўленьняў маці тваёй; 
навяжы іх назаўсёды на сэрца тваё, абвяжы імі шыю тваю. 
Калі ты пойдзеш, яны накіруюць цябе; калі ляжаш спаць, будуць ахоўваць цябе; калі прачнешся, гутарыць будуць з табою: 
бо запаведзь ёсьць сьветач, а навука - сьвятло, і павучальныя наказы - дарога жыцьця, 
каб засьцерагчы цябе ад зласьлівай жанчыны, ад лісьлівага языка чужынкі. 
Не пажадай хараства яе ў сэрцы тваім, і хай не завабіць яна цябе вейкамі сваімі; 
бо жанчыне распуснай даюць кавалак хлеба; а замужняя жанчына палюе на дарагую душу. 
Хто можа ўзяць агонь запазуху, каб не прагарэла адзежа яго? 
Хто можа хадзіць па распаленым вугольлі, каб не апаліць ног сваіх? 
Тое самае бывае і з тым, хто ўваходзіць да жонкі блізкага свайго; хто дакранецца да яе, не застанецца бязь віны. 
Не патураюць злодзею, калі ён крадзе, каб насыціць душу сваю, калі ён галодны; 
але злоўлены, ён заплаціць у сем разоў, аддасьць усю маёмасьць дома свайго. 
А хто пералюбнічае з жанчынаю, у таго няма розуму; той губіць душу сваю, хто робіць такое; 
пабоі і ганьбу ён зышча, і ганьба яго не сатрэцца; 
бо рэўнасьць - лютасьць мужчыны, і не ўмілажаліцца ён у дзень помсты, 
ня прыме адкупу ніякага, і не захоча, як бы ты ні памножыў гасьцінцы. 
