﻿ВЫСЛОЎІ.
7.
Сыне мой! памятай словы мае і запаведзі мае захавай у сабе. 
Захоўвай запаведзі мае, і жыві, і навуку маю, як зрэнкі вачэй тваіх. 
Навяжы іх на пальцы твае, напішы іх на скрыжалі сэрца твайго. 
Скажы мудрасьці: «ты сястра мая!» і розум назаві родным тваім, 
каб яны ахоўвалі цябе ад жонкі другога, ад чужой, што гладка гаворыць словы свае. 
Вось, аднойчы глядзеў я ў акно майго дома, праз рашотку маю, 
і ўбачыў сярод нявопытных, угледзеў сярод маладых людзей неразумнага юнака, 
які пераходзіў плошчу паблізу вугла яе і ішоў па дарозе да дома яе, 
у сутоньні, а позьняй гадзіне, у начной цемры і ў змроку. 
І вось - насустрач яму жанчына ў строях распусьніцы, з хітрым сэрцам, 
узбуджаная і неапанаваная; ногі яе ня ступаюць у доме яе; 
то на вуліцы, то на плошчах і на кожным вугле яна ладзіць ловы. 
Яна схапіла яго, цалавала яго і бяз сораму ў твары сказала яму: 
«Мірная ахвяра ў мяне: сёньня я выканала абяцаньні мае; 
таму і выйшла насустрач табе, каб знайсьці цябе, і - знайшла цябе. 
Кілімамі ўслала я пасьцель маю, палатном каляровым Егіпецкім; 
спальню маю ўпахошчыла сьмірнаю, альясам і карынкаю. 
Зайдзі, будзем упівацца пяшчотамі да раніцы, каханьнем нацешымся; 
бо мужа дома няма; ён выправіўся ў далёкую дарогу; 
кашалёк срэбра ўзяў з сабою; дамоў вернецца да дня поўні месяца». 
Мноствам ласкавых слоў яна яго звабіла, мяккасьцю вуснаў сваіх авалодала ім. 
Ён адразу пайшоў за ёю, як вол ідзе ў разьніцу, як алень на стралу, 
пакуль страла не праніжа вантробы ягонай; як птушка кідаецца ў сіло, і ня ведае, што яно - пагібель яе. 
Дык вось, дзеці, паслухайце мяне і зразумейце словы вуснаў маіх. 
Хай ня збочвае сэрца тваё на шляхі яе, ня блукай сьцежкамі яе; 
бо многіх яна параніла, і шмат дужых забіла яна: 
дом яе - дарога ў апраметную, якая вядзе ў сярэдзіну жытлішча сьмерці. 
