﻿ВЫСЛОЎІ.
9.
Мудрасьць збудавала сабе дом, высекла сем слупоў ягоных, 
закалола ахвяру, разбавіла віно сваё і прыгатавала ў сябе гасьціну; 
паслала слуг сваіх клікаць з вышыняў горада: 
«хто неразумны, хай прыйдзе сюды!» А недавумкам сказала: 
«ідзеце, ежце мой хлеб, і пеце віно, мною разбаўленае; 
адкіньце дурноту, і будзем жыць і хадзіць дарогай разважлівасьці». 
Не павучай блюзьнера, бо ганьбу сабе нажывеш, і хто асьцерагае бязбожніка - пляміць сябе. 
Не асьцерагай блюзьнера, каб ён не зьненавідзеў цябе; асьцерагай мудрага, і ён палюбіць цябе; 
дай настаўленьне мудраму, і ён яшчэ больш умудрыцца; навучы праўдалюбца, і ён памножыць веды. 
Пачатак мудрасьці - страх Гасподні, і спазнаньне Сьвятога - розум; 
бо мною памножацца дні твае і дадасца табе гадоў жыцьця. 
Сыне мой! калі ты змудрыў, мудры для сябе; і калі ўзбуяў, дык адзін і пацерпіш. 
Жанчына бяз розуму - крыклівая, дурніца - ні ў чым не абазнаная, 
сядае каля дзьвярэй дома свайго на крэсьле, на гарадскіх вышынях, 
каб клікаць тых, хто дарогаю ідзе, хто проста сваёю дарогай ідзе: 
«хто дурны, заварочвай сюды!», а неразумным кажа яна: 
«вада крадзеная салодкая, і ўтоены хлеб смачны». 
Але ня ведае ён, што мёртвыя там, у глыбіні апраметнай запрошаны ёю. 
