﻿ВЫСЛОЎІ.
10.
Выслоўі Саламона. Сын мудры радуе бацьку, а сын бязглузды - засмучэньне маці ягонай. 
Не даюць карысьці скарбы няправедныя, а праўда ратуе ад сьмерці. 
Не дапусьціць Гасподзь, каб галадала душа праведнага, а зьдзірства бязбожных адкіне. 
Лянівая рука робіць бедным, а рука руплівая ўзбагачае. 
Хто зьбірае летам - сын разумны, а хто сьпіць у жніва - сын шалапутны. 
Дабраславеньні - на галаву праведнага, а вусны бязбожным затуліць насільле. 
Памяць пра праведнага дабраславёная будзе, а імя бязбожных спаганьбіцца. 
Мудры сэрцам прымае запаведзі, а бязглузды вуснамі спатыкнецца. 
Хто ходзіць у беззаганнасьці, той ходзіць бясьпечна; а хто скрыўляе шляхі свае, той будзе выкрыты. 
Хто міргае вачыма, той чыніць прыкрасьць, а бязглузды вуснамі спатыкнецца. 
Вусны праведніка - крыніца жыцьця, а вусны бязбожным затуліць насільле. 
Нянавісьць будзіць разлад, любоў акупае ўсе грахі. 
На вуснах у разумнага мудрасьць, а на целе ў дурнога - дубец. 
Мудрыя зьберагаюць веды, а вусны немысьля - блізкая пагібель. 
Маёмасьць багатага - моцны горад яго, бяда бедным - іхняе ўбоства. 
Праца праведнага - на жыцьцё, прыбытак бязбожнага - на грэх. 
Хто захоўвае настаўленьне, той на дарозе да жыцьця; а хто пагарджае засьцярогай - блукае. 
Хто хавае нянавісьць, у таго вусны ілжывыя; і хто пашырае паклёпы - неразумны. 
Пры шматслоўі ня ўнікнуць грэху, а хто стрымлівае вусны свае - разумны. 
Чыстае срэбра - язык праведнага, а сэрца бязбожных - нікчэма. 
Вусны праведнага пасьвяць многіх, а неразумныя мруць ад нястачы глузду. 
Дабраславеньне Гасподняе - яно ўзбагачае і смутку з сабой ня прыносіць. 
Радуе немысьля - учынак ганебны, а чалавека разумнага - мудрасьць. 
Чаго баіцца бязбожнік, тое спасьцігне яго, а жаданьне праведнікаў збудзецца. 
Як падымецца бура, так і няма бязбожнага; а ў праведніка - аснова вечная. 
Што воцат зубам і дым вачам, тое гультай тым, хто пасылае яго. 
Страх Гасподні дадае дзён, а гады бязбожных скароцяцца. 
Спадзяваньне праведнікам - радасьць, а надзея бязбожных загіне. 
Шлях Гасподні - цьвярдыня нявінным і пагібель бязбожным. 
Праведнік вавек не пахісьнецца, а бязбожныя не пажывуць на зямлі. 
З вуснаў праведніка крынічыць мудрасьць, а язык шкодлівы будзе вырваны. 
Вусны праведніка любяць богаспадобнае, а вусны бязбожных - разбэшчанае. 
