﻿ВЫСЛОЎІ.
11.
Няправільныя вагі - агідныя Госпаду, а правільныя вагі ўпадабаньне Яму. 
Прыйдзе пыхлівасьць, прыйдзе і ганьба; а са сьціплымі - мудрасьць. 
Беззаганнасьць будзе кіраваць пабожнымі, а хітрасьць вераломных загубіць іх. 
Не паможа багацьце ў дзень гневу; а праўда ўратуе ад сьмерці. 
Праўда беззаганнага прастуе дарогу яму, а бязбожны ўпадзе ад бязбожнасьці сваёй. 
Праўда пабожных ратуе іх, а бязбожнікі будуць злоўлены беззаконьнем сваім. 
Надзея бязбожніка зьнікае пры сьмерці, і спадзяваньне бязбожных зьнікае. 
Праведніку ёсьць ратунак зь нягоды, а замест яго трапляе ў яе бязбожны. 
Вуснамі крывадушнік нішчыць блізкага свайго, а праведнікі празорлівасьцю ратуюцца. 
З дабрадзенства праведнікаў радуецца горад, а як гіне бязбожны - сьпявае. 
Дабраславеньнем праведных узвышаецца горад, а вуснамі бязбожнікаў руйнуецца. 
Недавумак пагарджае блізкім сваім; а разумны чалавек маўчыць. 
Хто ходзіць у паклёпніках, той адкрывае таямніцу; а верны чалавек яе хавае. 
Дзе няма добрае рады, там занепадае народ, а пры многіх радцах - дабрадзенствуе. 
Ліха той сабе спрычыняе, хто паручаецца за староньняга; а хто ненавідзіць заруку, той у бясьпецы. 
Жанчына з добрым норавам здабывае гонар, а працавітыя дасягаюць багацьця. 
Чалавек мілажальны дабрачыніць душы сваёй, а жорсткі сэрцам разбурае плоць сваю. 
Бязбожны робіць справу ненадзейную, а таму, хто сее праўду - узнагарода пэўная. 
Праведнасьць вядзе да жыцьця, а хто імкнецца да ліхога, імкнецца да сьмерці сваёй. 
Агіда Госпаду - падступныя сэрцам; а падабаецца Яму, хто ў беспахібнасьці ходзіць. 
Можна паручыцца, што грэшнік не застанецца без пакараньня; а насеньне праведных уратуецца. 
Што залатое колца ў лычы ў сьвіньні, тое жанчына прыгожая і - неразумная. 
Жаданьне праведных - толькі дабро, надзея бязбожных - гнеў. 
Адзін сыпле шчодра і яму яшчэ дадаецца; а другі звыш меры ашчадлівы, і аднак жа бяднее. 
Дабрачынная душа будзе насычана, і хто напойвае іншых, той і сам напоены будзе. 
Хто хавае ў сябе збожжа, таго народ кляне; і дабраслаўляе таго, хто прадае. 
Хто імкнецца да дабра, той шукае Божае ласкі; а хто шукае благога, да таго яно і прыходзіць. 
Хто спадзяецца на багацьце сваё, упадзе; а праведнікі, як лісьце, зазелянеюць. 
Хто разладжвае дом свой, успадкуе вецер, а неразумны будзе слугаваць мудраму. 
Плод праведніка - дрэва жыцьця, а мудры яднае душы. 
Так аддаецца на зямлі праведніку, тым болей бязбожнаму і грэшніку. 
