﻿ВЫСЛОЎІ.
12.
Хто любіць настаўленьне, той любіць веды; а хто ненавідзіць засьцярогі, той невук. 
Добры здабывае ласку ў Госпада; а чалавека падступнага Ён асудзіць. 
Ня сьцьвердзіць сябе чалавек беззаконьнем; а корань праведнікаў непахісны. 
Дабрачынная жонка - вянок мужу свайму; а ганебная - як гнілізна ў касьцях у яго. 
Помыслы праведных - праўда, а намыслы бязбожных - падступнасьць. 
Словы бязбожных - засада на кроў, а вусны праведных ратуюць іх. 
Як кранецца бязбожных няшчасьце - і няма іх, а дом праведных стаіць. 
Хваляць чалавека паводле меры розуму ягонага, а распусны сэрцам будзе ў пагардзе. 
Лепей быць простым, але мець працу, чым быць ганарыстым, але ня мець хлеба. 
Праведны дбае і пра жыцьцё быдла свайго, а сэрца бязбожных жорсткае. 
Хто ўрабляе зямлю сваю, насыціцца хлебам; а хто ідзе па сьлядах гультаёў, той розумам бедны. 
Бязбожны хоча злавіць яго ў сетку зла; а корань праведных цьвёрды. 
Бязбожны ловіцца грахамі вуснаў сваіх; а праведны выйдзе зь бяды. 
Ад плоду вуснаў сваіх чалавек насычаецца дабром, і плата чалавеку - паводле дзеяў рук ягоных. 
Дарога немысьля простая ў вачах ягоных; а хто слухае рады, той мудры. 
У немысьля адразу выяўляецца гнеў ягоны, а разумны тоіць абразу. 
Хто кажа тое, што ведае, той кажа праўду: а ў сьведкі ілжывага - ашуканства. 
Сёй-той пустаслоў б'е як мечам, а язык мудрых - ацаляе. 
Вусны праўдзівыя вечна жывуць, а ілжывы язык - хвіліну. 
Хітрына - у сэрцы ў зламысьнікаў, радасьць - у міратворцаў. 
Ня станецца праведніку ніякага ліха, а бязбожныя будуць напоўнены злом. 
Агіда Госпаду - вусны ілжывыя, а хто гаворыць праўду, даспадобы Яму. 
Чалавек разважлівы ўтойвае веды, а сэрца немысьляў выказвае дурасьць. 
Рука руплівая здабудзе ўладу, а гультайская пад данінай будзе. 
Смутак на сэрцы падаўляе чалавека, а добрае слова разьвесяляе яго. 
Праведнік паказвае блізкаму свайму дарогу, а дарога бязбожных уводзіць іх у згубу. 
Гультай ня смажыць сваёй дзічыны; а чалавек руплівы мецьме каштоўны набытак. 
На дарозе праўды - жыцьцё, і на сьцежцы яе няма сьмерці. 
