﻿ВЫСЛОЎІ.
13.
Мудры сын слухае бацькавых настаўленьняў; а насьмешнік ня слухае засьцярогаў. 
Ад плоду вуснаў сваіх чалавек спажывае дабро, а душа здраднікаў закона - зло. 
Хто захоўвае вусны свае, той захоўвае душу сваю, а хто шырока свой рот разьзяўляе, таму бяда. 
Душа гультая жадае, але марна: а душа руплівых насыціцца. 
Праведнік ненавідзіць ілжывае слова, а бязбожны сарамаціць і ганьбіць сябе. 
Праўда ахоўвае беззаганнага ў дарозе, а бязбожнасьць губіць грэшнікаў. 
Сёй-той выдае сябе за багатага, а ў яго нічога няма; другі сябе за беднага, а ў яго багацьця многа. 
Багацьцем сваім чалавек адкупляе жыцьцё сваё, а бедны і пагрозы ня чуе. 
Сьвятло праведных весела гарыць; а сьветач бязбожных тухне. 
Ад пыхі паходзіць разлад, а ў тых, што раяцца, - мудрасьць. 
Багацьце ад марнасьці памяншаецца, а хто зьбірае працаю, памнажае яго. 
Надзея, якая доўга ня праўдзіцца, стамляе сэрца, а жаданьне, якое споўнілася, - як дрэва жыцьця. 
Хто пагарджае словам, той робіць шкоду сабе; а хто баіцца запаведзі, будзе ўзнагароджаны. 
Навука ў мудрага - крыніца жыцьця, якая аддаляе ад сьмерці. 
Добры розум дае зычлівасьць; а дарога бязбожных цьвёрдая. 
Кожны разумны дзее зь веданьнем, а немысель выстаўляе на паказ дурасьць. 
Неразумны пасол трапляе ў бяду, а верны пасланец - ратунак. 
Галеча і ганьба таму, хто пагарджае навукай; а хто трымаецца настаўленьня, пашанаваны будзе. 
Жаданьне, якое споўнілася, - прыемнае душы; агідна неразумнаму ўхіляцца ад зла. 
Хто сябруе з мудрым, будзе мудры; а хто сябруе зь неразумнымі, разбэсьціцца. 
Грэшнікаў даганяе зло, а праведнікам дасца дабро. 
Добры пакідае спадчыну і ўнукам, а багацьце грэшніка зьберагаецца праведнаму. 
Шмат хлеба бывае і на палетку ў бедных; але маёмасьць гіне ад бяспраўя. 
Хто шкадуе дубца свайго, той ненавідзіць сына; а хто любіць, той змалку карае яго. 
Праведнік есьць да сытасьці, а жывот бязбожных церпіць нястачы. 
