﻿ВЫСЛОЎІ.
14.
Мудрая жонка ўладкуе свой дом, а неразумная разбурыць яго сваімі рукамі. 
Хто ідзе простаю дарогаю, баіцца Госпада; а чые дарогі крывыя, той ня дбае пра Яго. 
У вуснах у немысьля - біч на яго ганарыстасьць; а вусны мудрых ахоўваюць самыя сябе. 
Дзе няма валоў, там - ясьлі пустыя; а багата ж прыбытку ад сілы валоў. 
Верны сьведка ня хлусіць, а ілжу пашырае сьведка ілжывы. 
Распусны шукае мудрасьці і не знаходзіць; а разумны лёгка набывае веды. 
Адыдзі ад чалавека пустога, у якога ты ня бачыш разумных вуснаў. 
Мудрасьць разумнага - што ён зважае на дарогу сваю, а дурасьць немысьляў - толькі ашука. 
Неразумныя сьмяюцца з грэху, а сярод праведных - Божая мілата. 
Сэрца ведае горыч сваю, і чужынец ня дзеліць радасьці ягонай. 
Дом беззаконных зруйнуецца, а жытлішча праведных расьцьвіце. 
Ёсьць шляхі, якія здаюцца чалавеку простымі; але канец іх - шлях сьмерці. 
І ад сьмеху часам баліць сэрца, і канцом радасьці бывае смутак. 
Чалавек з разбэшчаным сэрцам насыціцца ад дарог сваіх, і добры - ад сваіх. 
Немысель верыць кожнаму слову, а разумны зважае на крокі свае. 
Мудры баіцца і ўнікае зла, а неразумны раздражнёны і саманадзейны. 
Запальчывы можа ўчыніць глупства; а чалавек, які наўмысна чыніць благое, ненавісны. 
Невукі спадкуюць дурасьць, а разумных увенчваюць веды. 
Схіляцца ліхія перад добрымі, і бязбожныя - каля варот праведніка. 
Беднага ненавідзіць, бывае, нават блізкі яго, а ў багатага многа сяброў. 
Хто пагарджае блізкім сваім, той грэшыць; а мілажальны да бедных, той шчасны. 
Ці не памыляюцца тыя, што намышляюць ліхое? Мілажаль і вернасьць у тых, што намышляюць добрае. 
Ад усякае працы ёсьць прыбытак, а ад пустаслоўя толькі пахіба. 
Вянок мудрых - багацьце іхняе, а дурасьць невукаў дурасьць і ёсьць. 
Верны сьведка ратуе душы, а ілжывы нагаворвае шмат ілжы. 
У страху перад Госпадам - надзея цьвёрдая, і сынам сваім Ён прыстанішча. 
Страх Гасподні - крыніца жыцьця, што аддаляе ад сетак сьмерці. 
У мностве народу - веліч цара, а пры малалюдзтве - бяда ўладару. 
У цярплівага чалавека багата розуму, а ў палкага многа дурасьці. 
Ціхмянае сэрца - жыцьцё целу, а зайздрасьць - гнілізна касьцям. 
Хто ўціскае беднага, той ганіць Творцу яго; а хто шануе Яго, той творыць дабро беднаму. 
За ліха сваё бязбожны будзе адкінуты, а праведны і пры сьмерці сваёй мае надзею. 
Мудрасьць у сэрцы ў разумнага, і сярод неразумных яна адкрываецца. 
Праведнасьць узвышае народ, а беззаконьне - ганьба народаў. 
Ласка царова - рабу разумнаму, а гнеў цара - супроць таго, хто ганьбіць яго. 
