﻿ВЫСЛОЎІ.
15.
Лагодны адказ злагоджвае гнеў, а слова абразьлівае будзіць лютасьць. 
Язык мудрых нясе добрыя веды; а вусны неразумных вырыгаюць глупства. 
Усюды вочы Гасподнія: яны бачаць ліхіх і добрых. 
Лагодны язык - дрэва жыцьця, а неўтаймаваны - хвароба духу. 
Неразумны пагарджае настаўленьнем бацькі свайго; а хто слухае засьцярогу, той у добрым розуме. 
У доме ў праведніка - мноства скарбаў, а ў прыбытку ў бязбожнага - разлад. 
Вусны мудрых пашыраюць веды, а сэрца немысьляў - не. 
Ахвяра бязбожных - агідная Госпаду, а малітва праведных Яму даспадобы. 
Агіда Госпаду - шях бязбожнага, а таго, хто ідзе шляхам праўды, Ён любіць. 
Ліхая кара таму, хто скрывіць дарогу, і той, хто ненавідзіць засьцярогу, загіне. 
Апраметная і Авадон адчынены перад Госпадам, тым болей сэрцы сыноў чалавечых. 
Ня любіць распусьнік тых, што засьцерагаюць яго, і да мудрых ня пойдзе. 
Вясёлае сэрца разьвесяляе твар, а пры сардэчным смутку дух маркоціцца. 
Сэрца разумнага шукае ведаў, а вусны немысьляў кормяцца дурасьцю. 
Усе дні ў няшчаснага смутныя; а ў каго сэрца вясёлае, таму заўсёды сьвята. 
Лепей мець мала ў страху Гасподнім, чым вялікі скарб, і зь ім трывогу. 
Лепей міска гародніны і зь ёю любоў, чым укормлены бык і зь ім нянавісьць. 
Запальчывы чалавек абуджае разлад, а цярплівы суцішае свару. 
Дарога ў гультая - як цярновы пляцень, а дарога ў праведных гладкая. 
Мудры сын радуе бацьку, а неразумны чалавек пагарджае маці сваёю. 
Дурнота - радасьць недавумку, а чалавек разумны ідзе простаю дарогаю. 
Бяз рады задумы разладзяцца, а пры мностве радцаў яны спраўдзяцца. 
Радасьць чалавеку ў адказе вуснаў ягоных, і як хораша слова ў свой час! 
Дарога жыцьця ў мудрага ўгору, каб ухіліцца ад апраметнай унізе. 
Дом пыхлівых зруйнуе Гасподзь, а мяжу ўдавы ўмацуе. 
Агіда Госпаду - намыслы ліхадзеяў, а словы беззаганных падабаюцца Яму. 
Карысьлівец разладзіць свой дом, а хто ненавідзіць хабар, будзе жыць. 
Сэрца праведнага абдумвае адказ, а вусны бязбожных вырыгаюць благое. 
Далёка Гасподзь ад бязбожных, а малітву праведных чуе. 
Прымружвае вочы свае, каб прыдумаць хітрыну; закусваючы сабе губы, учыняе зладзейства, 
Вуха, уважлівае да навукі жыцьця, будзе жыць сярод мудрых. 
Хто ня прымае настаўленьня, ня дбае пра душу сваю; а хто слухае засьцярогу, той набывае розум. 
Страх Гасподні вучыць мудрасьці, і славе папярэднічае пакора. 
