﻿ВЫСЛОЎІ.
16.
Чалавеку належаць намеры сэрца, а адказ языка ад Госпада. 
Усе шляхі чалавека чыстыя ў ягоных вачах, а Гасподзь выпрабоўвае душы. 
Даручы Госпаду дзеі твае, і намеры твае зьдзейсьняцца. 
Усё зрабіў Гасподзь дзеля Сябе; і нават бязбожнага на дзень гневу. 
Агіднае Госпаду сэрца пыхліўца; можна паручыцца, што ён не застанецца без пакараньня. 
Міласэрнасьцю і праўдаю ачышчаецца грэх, і страх Гасподні адводзіць ад ліха. 
Калі Госпаду падабаюцца шляхі чалавека, Ён і ворагаў яго прымірае зь ім. 
Лепш нямногае з праўдаю, чым вялікія прыбыткі з крыўдаю. 
Сэрца чалавека абдумвае свой шлях, а Гасподзь кіруе шэсьцем ягоным. 
У вуснах у цара - слова натхнёнае; вусны яго не павінны грашыць на судзе. 
Правільныя вагі і вагавыя шалі - ад Госпада; ад Яго ж усе гіры ў торбе. 
Агідная царам - дзея беззаконная, бо праўдай мацуецца трон. 
Прыемныя цару вусны праўдзівыя, а таго, хто гаворыць праўду, ён любіць. 
Царскі гнеў - весьнік сьмерці; а мудры чалавек умілажальвае яго. 
У ясным позірку цара - жыцьцё, і ўпадабаньне ягонае - як воблака з позьнім дажджом. 
Здабыць мудрасьць намнога лепш за золата, і здабыць розум лепш за чыстае срэбра. 
Шлях у праведных - унікаць зла; той ратуе душу сваю, хто зважае на шлях свой. 
Пагібелі папярэднічае гонар, і падзеньню - пыха. 
Лепей упакорвацца духам з лагоднымі, чым дзяліць здабычу з гардзеямі. 
Хто вядзе справу разумна, той знойдзе дабро, а хто спадзяецца на Госпада, той шчасны. 
Мудры сэрцам разумным назавецца, і салодкая мова дадасьць да навукі. 
Розум таму, хто мае яго, - крыніца жыцьця, а вучонасьць дурных - дурнота. 
Сэрца мудрага язык ягоны ўмудрае і памнажае веды ў вуснах ягоных. 
Прыемная мова - сотавы мёд, салодкая душы і гойная касьцям. 
Ёсьць шляхі, якія здаюцца чалавеку простымі, але канец іх - да сьмерці. 
Працаўнік працуе на сябе, бо панукае яго рот ягоны. 
Чалавек падступны намышляе благое, і на вуснах у яго нібы агонь палючы. 
Чалавек хітры сее разлад, а нагаворшчык разлучае сяброў. 
Чалавек зь нядобрымі намерамі разбэшчвае блізкага свайго і вядзе яго на дарогу благую; 
прыплюшчвае вочы, каб прыдумаць падступства; закусваючы губы сабе, чыніць зладзейства. 
Вянок славы - сівізна на дарозе праўды. 
Доўгацярплівы лепшы за адважнага, і той, хто валодае сабою, лепшы за заваёўніка горада. 
На падлогу кідаюць жэрабя, але ўвесь вырак ягоны - ад Госпада. 
