﻿ВЫСЛОЎІ.
17.
Лепш кавалак чэрствага хлеба і зь ім мір, чым дом, поўны заколатага быдла, з разладам. 
Разумны раб валадарыць над шалапутным сынам і між братамі падзеліць спадчыну. 
Плавільня - на срэбра, і гарніла - пад золата, а сэрцы выпрабоўвае Гасподзь. 
Ліхадзей слухае вусны беззаконных, ілгун слухаецца вуснаў беззаконных. 
Хто ганіць убогага, той ганіць Госпада ягонага; хто радуецца няшчасьцю, той не застаецца без пакараньня. 
Вянок старых - сыны сыноў, і словы дзяцей - бацькі іхнія. 
Ня прыстоіць неразумнаму важная прамова, тым болей знакамітаму - вусны ілжывыя. 
Хабар - каштоўны камень у вачах таго, хто валодае ім; куды ні зьвернецца ён, яму шчасьціць. 
Хто прыкрывае правіну - шукае любові; а хто зноў нагадвае пра яе, той праганяе сябра. 
На разумнага мацней дзее вымова, чым на неразумнага сто ўдараў. 
Злосьнік шукае толькі зла; таму жорсткі анёл будзе пасланы супраць яго. 
Лепей сустрэць чалавеку мядзьведзіху зьбязьдзетненую, чым неразумнага ў дрымоце ягонай. 
Хто за дабро плаціць злом, ад дома таго не адыдзецца зло. 
Пачатак свары - як прарыў вады; пакінь свару раней, чым разгарыцца яна. 
Хто апраўдвае бязбожніка і вінаваціць праведнага - абодва агідныя Госпаду. 
Навошта скарб у руках у неразумнага? Каб набыць мудрасьць, у яго няма розуму. 
Сябар любіць ва ўсякі час і, як брат, явіцца ў няшчасьці. 
Чалавек малога розуму дае руку і паручаецца за блізкага свайго. 
Хто любіць свары, любіць грэх; і хто высока ўзносіць вароты свае, той шукае падзеньня. 
Падступнае сэрца ня знойдзе дабра, і падступны язык упадае ў бяду. 
Калі нарадзіў хто немысьля - сабе на гора, і бацька немысьля не парадуецца. 
Вясёлае сэрца ацаляе, а пануры дух сушыць косьці. 
Бязбожны вымае гасьцінец з-за пазухі, каб скрывіць шляхі правасудзьдзя. 
Мудрасьць - перад абліччам у разумнага, а вочы неразумнага - на канцы зямлі. 
Неразумны сын - прыкрасьць бацьку свайму і крыўда маці сваёй. 
Нядобра і вінаваціць невінаватага, і біць вяльможу за праўду. 
Разумны і ўстрымлівы ў словах сваіх, і разумны мае халодную кроў. 
І неразумны, калі маўчыць, можа здацца мудрым, і разважлівым, калі замыкае вусны свае. 
