﻿ВЫСЛОЎІ.
18.
Сваволі шукае прымхлівы, паўстае супроць усяго разумнага. 
Неразумны ня любіць думаць, а толькі паказаць бы свой розум. 
З прыходам бязбожнага прыходзіць і пагарда, а з вартым пагарды - ганьба. 
Слова з вуснаў чалавечых - глыбокія воды; крыніца мудрасьці - бруісты паток. 
Нядобра быць ласкавым зь бязбожным, каб абвергнуць праведнага ў судзе. 
Вусны бязглуздага цягнуць у незлагадзь, а словы яго выклікаюць бойку. 
Язык бязглуздага - пагібель яму, а вусны яго - сетка на душу ягоную. 
Словы нагаворшчыка - як прысмакі, і яны гладка ўваходзяць у нутро чалавека. 
Нядбалы ў працы сваёй - брат марнатраўцы. 
Імя Госпада - моцная вежа: убягае ў яе праведнік, і ў бясьпецы. 
Маёмасьць багатага - як моцны горад ягоны, і высокім мурам здаецца яму. 
Перад падзеньнем узносіцца сэрца чалавека, а сьціпласьць ідзе наперадзе славы. 
Хто дае адказ, ня выслухаўшы, той неразумны і брыдка яму. 
Дух чалавека пераносіць яго немачы; а прыгнечаны дух - хто можа ўмацаваць яго. 
Сэрца разумнага набывае веды, і вуха мудрых шукае ведаў. 
Дарунак дае чалавеку прастору і да вяльможаў давядзе яго. 
Першы ў цяжбіне сваёй мае рацыю, але прыходзіць супернік ягоны і паняверыць яе. 
Жэрабя спыняе спрэчкі і вырашае паміж моцнымі. 
Азлоблены брат няпрыступнейшы за моцны горад, і свары падобныя на замкі замка. 
Ад плоду вуснаў чалавека напаўняецца чэрава ягонае; вытворамі вуснаў сваіх ён насычаецца. 
Сьмерць і жыцьцё - ва ўладзе языка, і хто любіць яго, скаштуе ад плоду яго. 
Хто знайшоў жонку, той знайшоў дабро і атрымаў мілату ад Госпада. 
З мальбою гаворыць убогі, а багаты адказвае груба. 
Хто хоча мець сяброў, той і сам павінен быць прыязны; і бывае сябар больш прыязны за брата. 
