﻿ВЫСЛОЎІ.
19.
Лепш бедны, які ходзіць у сваёй нявіннасьці, чым зь ілжывымі вуснамі, і пры гэтым неразумны. 
Нядобра душы бязь ведаў, і хто сьпяшаецца нагамі, спатыкаецца. 
Неразумнасьць чалавека скрыўляе дарогу, а сэрца ягонае гневаецца на Госпада. 
Багацьце памнажае сяброў, а беднага пакідае і сябар ягоны. 
Ілжывы сьведка не застаецца без пакараньня, і хто гаворыць няпраўду, не ўратуецца. 
Многія дагаджаюць заможным; і кожны - сябар чалавеку, які не шкадуе гасьцінцаў. 
Беднага ненавідзяць усе браты ягоныя, тым болей прыяцелі ягоныя адпадаюць ад яго; гоніцца за словам парады, а іх і на гэта няма. 
Хто набіраецца розуму, той любіць душу сваю; хто пільнуецца разумнасьці, знаходзіць дабро. 
Ілжывы сьведка не застаецца без пакараньня; і хто гаворыць няпраўду, загіне. 
Ня прыстоіць неразумнаму раскоша, тым болей рабу панаваньне над князямі. 
Здаровы розум робіць чалавека павольным на гнеў, а слава ягоная - паблажлівым да неразважлівых учынкаў. 
Гнеў цара - як рык ільва, а ласка ягоная - як раса на траву. 
Неразумны сын - пагібель бацьку ягонаму, а сварлівая жонка - сьцёкавая рына. 
Дом і маёмасьць - спадчына ад бацькоў, а разумная жонка - ад Госпада. 
Гультайства наганяе дрымоту, і нядбайная душа будзе галадаць. 
Захавальнік запаведзі захоўвае душу сваю, а хто ня дбае пра шяхі свае - загіне. 
Міласэрны да беднага пазычае Госпаду; і Ён аддасьць яму за дабрачынства ягонае. 
Карай сына свайго, пакуль ёсьць надзея, і не абурайся крыкам ягоным. 
Чалавек вялікага гневу нясе пакараньне; бо, калі пашкадуеш яго, давядзецца табе яшчэ больш караць яго. 
Слухайся рады і прымай кару, каб зрабіцца табе пасьля мудрым. 
Шмат задумаў у сэрцы ў чалавека, але збудзецца толькі задуманае Госпадам. 
Радасьць чалавеку - дабрачыннасьць ягоная, і бедны чалавек лепшы, чым хлусьлівы. 
Страх Гасподні вядзе да жыцьця, і хто мае яго, заўсёды будзе задаволены, і ліха не спасьцігне яго. 
Гультай апускае руку сваю ў чару, і ня хоча данесьці яе да вуснаў сваіх. 
Калі ты пакараеш блюзьнера, дык і просты зробіцца разумным; і калі засьцеражэш разумнага, дык ён зразумее настаўленьне. 
Хто бацьку руйнуе і выганяе маці - сын бессаромны і ганебны. 
Перастань, сыне мой, слухаць угаворы ўхіліцца ад голасу розуму. 
Падступны сьведка зьдзекуецца з праўды, і вусны бязбожных глытаюць няпраўду. 
На блюзьнераў гатовыя суды, і ўдары - на цела дурных. 
