﻿ВЫСЛОЎІ.
21.
Сэрца цара ў руках у Госпада, як патокі водаў: куды захоча, Ён кіруе яго. 
Усякі шлях чалавека просты ў вачах ягоных; а Гасподзь узважвае сэрцы. 
Справядлівасьць і праўду чыніць - больш даспадобы Госпаду, чым ахвяра. 
Гонар вачэй і пыха сэрца, сьветачы бязбожнікаў - грэх. 
Задумы руплівага вядуць да дастатку, а кожны сквапны церпіць нястачу. 
Набываньне скарбу ілжывым языком - мімалётная марнасьць тых, што шукаюць сьмерці. 
Гвалт бязбожных абернецца супроць іх, бо яны выракліся праўды. 
Крывая дарога ў чалавека разбэшчанага; а хто чысты, у таго ўчынкі пабожныя. 
Лепей жыць у закутку на даху, чым са сварліваю жонкай у прасторным доме. 
Душа бязбожніка прагне ліхаты: ня знойдзе літасьці ў вачах яго і сябар ягоны. 
Калі караюць блюзьнера, просты робіцца мудрым; і калі настаўляецца на розум мудры, дык ён набывае веды. 
Праведнік назірае за домам бязбожніка: як упадаюць бязбожныя ў няшчасьце. 
Хто затуляе вуха сваё ад ляманту беднага, той і сам будзе лямантаваць - і ня будзе пачуты. 
Дарунак таемны тушыць гнеў, а дарунак запазуху - моцную лютасьць. 
Чыніць правасудзьдзе - радасьць праведніку і страх тым, хто нясе зло. 
Чалавек, які зьбіўся з дарогі розуму, спачне ў зборні мёртвых. 
Хто любіць весялосьць - зьбедніцца; і хто любіць віно і масьці - не разбагацее. 
Выкупам будзе за праведнага бязбожны, і за пабожнага - хітры. 
Лепей жыць у зямлі пустэльнай, чым з жонкаю сварліваю і сярдзітаю. 
Жаданы скарб і масьць - у доме ў мудрага; а неразумны чалавек распускае іх. 
Хто трымаецца праўды і ласкі, знойдзе жыцьцё, праўду і славу. 
Мудры ўваходзіць у горад моцных і руйнуе цьвярдыню іхняй надзеі. 
Хто беражэ вусны свае і язык свой, той асланяе ад бяды душу сваю. 
Пыхлівы злодзей - блюзьнер імя яму - дзее ў запале пыхі. 
Прагнасьць гультая заб'е яго, бо рукі ў яго адмаўляюцца працаваць; 
кожны дзень ён моцна прагне, а праведнік дае і не шкадуе. 
Ахвяра бязбожных - агіднасьць, асабліва калі з хітрасьцю прыносяць яе. 
Ілжывы сьведка загіне, а чалавек, які кажа, што ведае, будзе гаварыць заўсёды. 
Чалавек бязбожны дзёрзкі тварам сваім, а праведны трымае проста шлях свой. 
Няма мудрасьці і няма розуму і няма вады - насуперак Госпаду. 
Каня рыхтуюць на дзень бітвы, але перамога - ад Госпада. 
