﻿ВЫСЛОЎІ.
22.
Добрае імя лепшае за вялікае багацьце, і добрая слава лепшая за срэбра і золата. 
Багаты і бедны сустракаюцца адзін з адным; таго і другога стварыў Гасподзь. 
Разумны бачыць бяду і хаваецца; а нявопытныя ідуць наперад, прымаюць кару. 
За пакораю ідзе сьледам страх Гасподні, багацьце і слава і жыцьцё. 
Церні і сеткі на дарозе падступнага; хто беражэ душу сваю, адыдзіся ад іх. 
Наставі юнака на пачатку шляху яго: ён ня збочыць зь яго, калі і састарыцца. 
Багаты пануе над бедным, і даўжнік робіцца рабом пазычальніка. 
Хто сее няпраўду, пажне буру, і біч гневу яго прападзе. 
Міласэрны будзе дабраславёны, бо дае беднаму ад хлеба свайго. 
Прагані блюзьнера, і зьнікне разлад, і выйдзе зь ім свара і кляцьба. 
Хто любіць чысьціню сэрца, той мае прыемнасьць на вуснах, таму цар - сябар. 
Вочы Госпада ахоўваюць веды, а словы вераломнікаў Ён абвяргае. 
Гультай кажа: «леў на вуліцы! сярод плошчы заб'юць мяне!» 
Глыбокая прорва - вусны распусьніц; на каго ўгневаецца Гасподзь, той упадзе туды. 
Глупства прывязалася да сэрца юнака; але дубец выхаваньня адвядзе яе ад яго. 
Хто крыўдзіць беднага, каб памножыць сваё багацьце, і хто дае багатаму, той зьбяднее. 
Прыхілі вуха тваё, і слухай словы мудрых, і сэрца тваё павярні да маіх ведаў; 
бо добра будзе, калі ты будзеш хаваць іх у сэрцы тваім, і яны будуць таксама на вуснах тваіх. 
Каб надзея твая была на Госпада, я вучу цябе і сёньня, і ты памятай. 
Ці ж ня пісаў я табе тройчы ў парадах і ў настаўленьні, 
каб навучыць цябе дакладным словам ісьціны, каб ты мог сказаць словы ісьціны тым, хто папытае ў цябе? 
Не абірай беднага, бо ён бедны; і не заціскай няшчаснага ў браме; 
бо Гасподзь заступіцца за справу іхнюю і забярэ душу ў рабаўнікоў іхніх. 
Не сябруй зь гняўлівым і ня супольнічай з чалавекам запальчывым, 
каб ня стаць на шляхі ягоныя і не наклікаць пятлі на душу тваю. 
Ня будзь з тых, якія даюць рукі і ручаюцца за пазыкі. 
Калі табе няма чым заплаціць, дык навошта даводзіць сябе, каб узялі пасьцель тваю з-пад цябе. 
Не перасоўвай мяжы даўняй, якую правялі бацькі твае. 
Ці бачыў ты чалавека спраўнага ва ўчынках сваіх? Ён будзе стаяць перад царамі; ён ня будзе стаяць перад простымі. 
