﻿ВЫСЛОЎІ.
23.
Калі сядзеш есьці ежу з валадаром, дык уважай, што перад табою; 
і пастаў заслону ў горле тваім, калі ты ненаедны. 
Не спакушайся ласнымі прысмакамі; гэта - уяўная ежа. 
Ня турбуйся пра тое, каб набыць багацьце; адкінь такія думкі твае. 
Зьвернеш вочы твае на яго, і - яго ўжо няма; бо яно зробіць сабе крылы і, як арол, паляціць да неба. 
Не каштуй ежы ў чалавека зайздросьлівага, і не спакушайся ласнымі прысмакамі ягонымі, 
бо, якія думкі ў душы ў яго, такі і ён сам; «еж і пі», кажа ён табе, а сэрца яго не з табою. 
Кавалак, які ты зьеў, вырыгнеш, і добрыя словы твае ты ўжывеш марна. 
У вушы неразумнаму не кажы, бо ён занядбае разумныя словы твае. 
Не перасоўвай мяжы даўняй і на поле сіротаў не заходзь; 
бо Абаронца ў іх моцны; Ён заступіцца за справу іхнюю перад табою. 
Прыхілі сэрца тваё да вучэньня і вушы твае - да разумных слоў. 
Не пакідай юнака без пакараньня; калі пакараеш яго дубцом, ён не памрэ: 
ты пакараеш яго дубцом і ўратуеш душу яго ад пекла. 
Сыне мой! калі сэрца тваё будзе мудрае, парадуецца і маё сэрца; 
і душа мая будзе радавацца, калі вусны твае будуць казаць слушна. 
Хай не зайздросьціць сэрца тваё грэшнікам; а хай будзе яно ва ўсе дні ў страху Гасподнім; 
бо ёсьць будучыня, і надзея твая ня страчана. 
Слухай, сыне мой, і будзь мудры, і кіруй сэрца тваё на просты шлях. 
Ня будзь сярод тых, што ўпіваюцца віном, сярод тых, што аб'ядаюцца мясам: 
бо п'яніца і ненаяда зьбяднеюць, а санлівец апранецца ў рызманы. 
Слухайся бацькі твайго: ён спарадзіў цябе; і не пагарджай маці тваёй, калі яна будзе старая. 
Купі ісьціну, і не прадавай мудрасьці і разумнага вучэньня. 
Радуецца бацька праведніка, і, хто нарадзіў мудрага - радуецца зь яго. 
Хай весяліцца бацька твой і хай радуецца маці твая, якая цябе нарадзіла. 
Сыне мой! аддай сэрца тваё мне, а вочы твае хай сочаць за шляхамі маімі: 
бо распусьніца - глыбокая прорва, а чужая жонка - вузкі калодзеж; 
яна, як разбойнік, сядзіць у засадзе і памнажае сярод людзей здраднікаў. 
У каго гора? у каго нядоля? у каго бяспрычынныя раны? у каго чырвоныя вочы? 
У тых, што доўга сядзяць за віном, што прыходзяць скаштаваць віна неразьведзенага. 
Не глядзі на віно, як яно чырванее, як яно прамяніцца ў келіху, як яно роўненька ліецца; 
пазьней яно ўкусіць, як змей, і ўджаліць, як асьпід; 
вочы твае будуць глядзець на чужых жонак, і сэрца тваё загаворыць распуснае; 
і ты будзеш, як заснулы сярод мора і як на версе мачты. 
І скажаш: «білі мяне, мне не балела, штурхалі мяне, і я не адчуваў. Калі прачнуся, зноў буду рабіць тое самае.» 
