﻿ВЫСЛОЎІ.
24.
Не зайздросьці ліхім людзям і ня прагні быць зь імі: 
бо пра насільле думае сэрца іхняе, і пра ліхое гавораць вусны іхнія. 
Мудрасьцю ладзіцца дом і розумам сталюецца, 
і праз гаспадарчасьць нутро яго напаўняецца ўсякай каштоўнай і прыемнай маёмасьцю. 
Чалавек мудры - дужы, і чалавек разумны мацуе сілу сваю. 
Таму абдумана вядзі вайну тваю, і посьпех будзе пры мностве радцаў. 
Неразумнаму мудрасьць занадта высокая; каля брамы не разамкне ён вуснаў сваіх. 
Хто намышляе зрабіць зло, таго называюць зламысьнікам. 
Намысел неразумнага - грэх, і блюзьнер - мярзота людзям. 
Калі ты ў дзень бедства зьнясіліўся, дык бедная сіла твая. 
Ратуй узятых на сьмерць, і няўжо ты адмовішся ад асуджаных на ўбой? 
Ці скажаш: «вось, мы ня ведалі гэтага?» А Выпрабавальнік сэрцаў хіба ня ведае? Назіральнік за душою тваёю ведае гэта і дасьць чалавеку паводле ўчынкаў ягоных. 
Еж, сыне мой, мёд, бо ён смачны, і сотавы, бо ён салодкі паднябеньню майму: 
такое і спазнаньне мудрасьці для душы тваёй. Калі ты знайшоў яе, дык ёсьць будучыня, і надзея твая ня марная. 
Не намышляй ліха, бязбожнік, супроць жытлішча праведнага; ня спустошвай месца спакою ягонага. 
Бо сем разоў упадзе праведнік і ўстане; а бязбожныя тонуць у пагібелі. 
Ня радуйся, калі ўпадзе вораг твой; і хай не весяліцца сэрца тваё, калі ён спатыкнецца. 
Інакш убачыць Гасподзь, і не даспадобы будзе Яму гэта, і Ён адверне ад яго Свой гнеў. 
Не абурайся ліхадзеямі і не зайздросьці бязбожнікам: 
бо ліхі ня мае будучыні - сьветач бязбожных патухне. 
Бойся, сыне мой, Госпада і цара; і зь мяцежнікамі ня супольнічай, 
бо зьнянацку прыйдзе пагібель на іх; і бяду ад іх абодвух хто загадзя ўведае? 
Сказана таксама мудрымі: зважаць на асобы ў судзе - нядобра. 
Хто кажа вінаватаму: «твая праўда», таго праклянуць народы, таго зьненавідзяць плямёны; 
а тыя, што судзяць справядліва, будуць любасныя, бо прыйдзе на іх дабраславеньне. 
У вусны цалуе той, хто адказвае словамі правільнымі. 
Зрабі справы свае па-за домам, закончы іх на полі тваім, а потым уладжвай і дом твой. 
Ня сьведчы ілжыва на блізкага твайго; навошта табе ашукваць вуснамі тваімі? 
Не кажы: «як ён зрабіў са мною, так і я зраблю зь ім, адплачу чалавеку паводле ўчынкаў ягоных». 
Праходзіў я ўскрай поля чалавека лянівага і ўскрай вінаградніка чалавека неразумнага. 
І вось, усе гэта зарасло крапівою, паверхня яго збуяла бадзякамі, і каменны мур абваліўся. 
І падзівіўся я, і ўзяў да сэрца, і ўбачыў, і атрымаў навуку: 
«крыху пасьпіш, крыху падрэмлеш, крыху, рукі згарнуўшы, паляжыш; 
і прыйдзе беднасьць твая, як разбойнік, і галеча твая - як чалавек узброены». 
