﻿ВЫСЛОЎІ.
26.
Як сьнег летам і дождж у жніва, так гонар не пасуе неразумнаму. 
Як верабей пырхне, калі ластаўка паляціць, так незаслужаны праклён ня збудзецца. 
Плётка каню, аброць аслу, а кій немысьлю. 
Не адказвай неразумнаму паводле неразумнасьці ягонай, каб і ты не прыпадобніўся яму; 
а адказвай неразумнаму паводле неразумнасьці ягонай, каб ён не зрабіўся мудрацом у вачах сваіх. 
Падцінае сабе ногі, робіць шкоду сабе той, хто пасылае наказ празь немысьля. 
Як віхляюцца ногі ў кульгавага, так і выслоўе на вуснах у неразумнага. 
Што ўкладваць каштоўны камень у прашчу, так і аддаваць пашану дурному. 
Што калючы бадзяк у руцэ ў п'янага, тое і выслоўе на вуснах у неразумнага. 
Дужы робіць усё адвольна: і неразумнага ўзнагароджвае, і кожнага праходжага ўзнагароджвае. 
Як сабака вяртаецца да ванітаў сваіх, так дурны паўтарае глупствы свае. 
Калі ты бачыш чалавека, які сам сябе мудрым лічыць, - дык на дурнога болей надзеі, чым на яго. 
Гультай кажа: «леў на дарозе! леў на дварэ!» 
Дзьверы паварочваюцца на завесах сваіх, а гультай на ложку сваім. 
Гультай апускае руку сваю да міскі, ды яму цяжка падняць яе да рота свайго. 
Гультай у вачах сваіх мудрэйшы за семярых, што адказваюць разумна. 
Хапае сабаку за вушы той, хто, праходзячы міма, лезе ў чужую спрэчку. 
Як той, хто прыкідваецца вар'ятам, кідае агонь, стрэлы і сьмерць, 
так - чалавек, які падступна шкодзіць сябру свайму і потым кажа: «я толькі пажартаваў». 
Дзе няма болей дроў, агонь патухае; і дзе няма нагаворшчыка, разлад аціхае. 
Вугаль - на жар, дровы - на распал свары. 
Словы нагаворшчыка - як прысмакі, і яны ўваходзяць у нутро жывата. 
Як нячыстым срэбрам абкладзены гліняны посуд, так і палымяныя вусны і сэрца ліхое. 
Вуснамі сваімі прыкідваецца вораг, а ў сэрцы сваім намышляе ліхое. 
Калі ён гаворыць і пяшчотным голасам, ня вер яму; бо сем мярзотаў у сэрцы ў яго. 
Хто нянавісьць прыкрывае на самоце, злосьць таго адкрыецца ў народным сходзе. 
Хто капае яму, той упадзе ў яе; і хто пакоціць угору камень, да таго ён вернецца. 
Хлусьлівы язык ненавідзіць тых, каго ён параніў, і лісьлівыя вусны рыхтуюць падзеньне. 
