﻿ВЫСЛОЎІ.
28.
Бязбожнік бяжыць, калі ніхто ня гоніцца за ім; а праведнік адважны, як леў. 
Калі краіна адступіцца ад закона, тады многа ў ёй начальнікаў; а пры разумным і ўсяведным мужы яна даўгавечная. 
Чалавек бедны і прыгнятальнік слабых тое самае, што праліўны дождж, які змывае хлеб. 
Адступнікі ад закона хваляць бязбожных, а тыя, што трымаюцца закона, абураюцца імі. 
Злыя людзі не разумеюць справядлівасьці, а шукальнікі Госпада разумеюць усё. 
Лепш бедны, які ходзіць у сваёй беззаганнасьці, чым той, хто выкручвае шляхі свае, хоць ён і багаты. 
Хто захоўвае закон - сын разумны, а хто водзіцца з марнатраўцамі, той уводзіць у сорам бацьку свайго. 
Хто памнажае маёмасьць сваю ростам і ліхвою, той зьбірае яе дабрачынцам бедных. 
Хто ўхіляе вуха сваё, каб ня слухаць закону, у таго і малітва - мярзота. 
Хто зводзіць праведных на дарогу зла, сам упадзе ў сваю яму; а беззаганныя спадкуюць дабро. 
Чалавек багаты - мудрэц у вачах сваіх, але разумны бядняк бачыць яго наскрозь. 
Калі трыумфуюць праведнікі, вялікая слава; але калі ўзвышаюцца бязбожныя, людзі хаваюцца. 
Той, хто хавае свае злачынствы, ня будзе мець посьпеху; а хто прызнаецца і пакідае іх, той будзе памілаваны. 
Шчасны чалавек, які заўсёды ў страху Божым; а хто робіць жорсткім сэрца сваё, той трапляе ў бяду. 
Як рыклівы леў і галодны мядзьведзь, так бязбожны валадар над бедным народам. 
Неразумны валадар шмат чыніць крыўды; а той, які ненавідзіць карысьлівасьць, падоўжыць дні. 
Чалавек вінаваты ў крыві чалавечай, будзе ўцякаць да сьмерці, каб хто не схапіў яго. 
Хто ходзіць беззаганна, той будзе ўратаваны; а хто ходзіць крывымі дарогамі, упадзе на адной зь іх. 
Хто ўрабляе зямлю сваю, той будзе есьці хлеб; а хто пераймае гультаёў, таго накорміць галеча. 
Верны чалавек багаты на дабраславеньні; а хто сьпяшаецца разбагацець, той не застанецца без пакараньня. 
Зважаць на асобы - нядобра; такі чалавек і за кавалак хлеба зробіць крыўду. 
Сьпяшаецца да багацьця зайздросьлівы чалавек, і ня думае, што галеча спасьцігне яго. 
Хто дакарае чалавека, знойдзе большую прыязнасьць, чым той, хто лісьлівіць языком. 
Хто абкрадвае бацьку свайго і маці сваю і кажа: «гэта ня грэх», той - саўдзельнік грабежнікаў. 
Пыхлівец распальвае свару, а хто спадзяецца на Госпада, будзе ў дабрадзенстве. 
Хто спадзяецца на сябе, той неразумны; а хто ходзіць у мудрасьці, той будзе цэлы. 
Хто дае жабраку, не зьбяднее; а хто засланяе вочы ад яго, на тым шмат праклёнаў. 
Калі ўзвышаюцца бязбожныя, людзі хаваюцца; а калі яны падаюць, множацца праведнікі. 
