﻿ВЫСЛОЎІ.
29.
Чалавек, які насуперак засьцярогам робіцца ўпарты, будзе раптам зламаны, і ня будзе яму дапамогі. 
Калі множацца праведнікі, весяліцца народ; а калі пануе бязбожнік, стогне народ. 
Чалавек, які любіць мудрасьць, радуе бацьку свайго; а які знаецца з распусьніцамі, той траціць маёмасьць. 
Цар правасудзьдзем мацуе зямлю, а аматар хабару руйнуе яе. 
Чалавек, які лісьлівіць сябру свайму, сьцеле сетку пад ногі яму. 
У грэху ліхога чалавека - сетка яму, а праведнік весяліцца і радуецца. 
Праведнік старанна дасьледуе цяжбіну бедных, а бязбожнік не разьбірае справы. 
Людзі разбэшчаныя бунтуюць горад, а мудрыя суцішаюць мяцеж. 
Разумны чалавек, калі судзіцца з чалавекам неразумным, ці злуецца, ці сьмяецца - ня мае спакою. 
Крыважэрныя людзі ненавідзяць бязбожнага, а праведныя клапоцяцца за яго жыцьцё. 
Неразумны ўвесь гнеў свой вылівае, а мудры стрымлівае яго. 
Калі ўладар слухае ілжывыя прамовы, дык і ўсе служкі ў яго бязбожныя. 
Бедны і ліхвяр сустракаюцца адзін з адным; але сьвятло вачам таго і другога дае Гасподзь. 
Калі цар судзіць бедных па праўдзе, дык трон ягоны назаўсёды ўцьвердзіцца. 
Дубец і засьцярога даюць мудрасьць; а занядбаны хлопчык робіць сорам сваёй маці. 
Пры памнажэньні бязбожных множыцца беззаконьне; а праведнікі ўбачаць падзеньне іхняе. 
Карай сына твайго, і ён дасьць табе спакой, і прынясе радасьць душы тваёй. 
Няма адкрыцьця згары чалавеку разбэшчанаму, а хто жыве паводле закону - той шчасны. 
Словамі не навучыш раба; бо, хоць ён і разумее іх, але ня слухаецца. 
Ці бачыў ты чалавека неабачлівага ў словах сваіх? на неразумнага болей надзеі, чым на яго. 
Калі змалку выхоўваць раба ў дастатку, дык і пазьней ён захоча быць сынам. 
Чалавек гнеўлівы заводзіць свару, а запальчывы шмат грэшыць. 
Ганарыстасьць чалавека прыніжае яго, а сьціплы духам здабывае гонар. 
Хто дзеліцца са злодзеем, той ненавідзіць душу сваю; ён чуе праклён, але не абвяшчае пра тое. 
Боязь перад людзьмі ставіць сетку; а хто спадзяецца на Госпада, будзе ў бясьпецы. 
Многія шукаюць прыхільнага. 
Мярзота праведнікам - чалавек няправедны, і мярзота бязбожнаму - той, хто ідзе простай дарогай. 
