﻿ЭКЛЕЗІЯСТА.
10.
Мёртвыя мухі псуюць і смуродзяць пахучую масьць міраварніцы, тое самае робіць малая дурнота шаноўнага чалавека зь яго мудрасьцю й гонарам. 
Сэрца мудрага - праваруч, а сэрца бязглуздага - леваруч. 
І па дарозе, калі дурань ідзе, не стае яму глузду, і кожнаму пакажа, што ён дурны. 
Калі ўспыхне начальніцкі гнеў на цябе, не пакідай свайго месца; бо рахманасьць даводзіць да дараваньня вялікіх правінаў. 
Ёсьць зло, якое бачыў я пад сонцам, падобнае да памылкі, якая ад валадара паўстала: 
на вялікіх вышынях, бывае, сядзіць дурнота, а багатыя нізка садзяцца; 
бачыў я конных рабоў, а князёў, што пеша, нібы рабы, хадзілі. 
Хто яму капае, той у яе і ўпадзе, і хто разбурае агароджу, таго ўкусіць зьмяя. 
Хто зносіць каменьне, той можа сябе надсадзіць, і хто коле дровы, той мае пагрозу ад іх. 
Калі прытупляецца сякера і хтось ляза не навострыць, шмат намогі дадаць давядзецца; перавага плённае дзеі - мудрасьць. 
Калі гадзіна ўкусіць без заклінаньня, дык ня лепшы за яе і злоязыкі. 
Слова з вуснаў мудрага - мілата, а вусны дурнога яго ж і нішчаць: 
пачатак слоў зь яго вуснаў - глупства, а канец яго казані з вуснаў - шаленства. 
Дурны шмат чаго нагаворыць, хоць ня ведае чалавек, што будзе, і хто скажа яму, што пасьля яго станецца? 
Праца дурнога стамляе яго, бо ён і ня ведае нават дарогі да горада. 
Гора табе, зямля, калі цар твой - дзіця і калі ўладыкі твае ядуць рана! 
Шчасьце табе, зямля, калі цар твой з высокага роду і ўладыкі твае ядуць у назначаны час, каб мацавацца, а не разьядацца! 
Ад гультайства і столь прасядае; і як апусьцяцца рукі, дык дом пацячэ. 
Гасьціны спраўляюць для асалоды, і віно зьвесяляе жыцьцё; а за ўсё адказвае срэбра. 
Нават і ў думках тваіх не ліхаслові цара, і ў спальні тваёй не ліхаслові багатага; бо і птушка нябесная можа словы твае перанесьці, а крылатая - казань тваю пераказаць. 
