﻿ПЕСЬНЯ.
3.
Я начамі на ложку шукала каханага сэрца майго, я шукала яго, не знайшла. 
Устану, і горад увесь абыду, па вуліцах і па завулках, шукацьму таго, каго сэрцам кахаю, я шукала яго, не знайшла. 
Сустрэлі мяне вартавыя, што па горадзе йшлі дазорам: «Ці бачылі вы, каго сэрцам кахаю?» 
Толькі я іх мінула, як знайшла, каго сэрцам кахаю; прывяла яго ў дом сваёй маці, у сьвяцёлку роднае маці сваёй. 
Заклінаю вас, Ерусалімскія дочкі, сарнамі ці палявымі ланямі: ня будзеце і ня турбуйце каханай, пакуль не прачнецца сама! 
Хто там выходзіць з пустэльні, нібыта слуп дыму, хто там акураны мірай, пахошчамі і фіміямамі ўсякімі? 
Вось Саламонаў ложак: шасьцьдзясят мужчын навокал яго, дужых мужоў Ізраільскіх. 
І кожны мечам аперазаны, кожны навучаны біцца; у кожнага меч пры баку дзеля страху начнога. 
Паланкін зрабіў сабе цар з дрэваў Ліванскіх, 
слупцы ў ім зрабіў са срэбра, більцы з золата, а з пурпуры падушка; а ўсярэдзіне ўслалі любоўна Ерусалімскія дочкі. 
Выходзьце, дзяўчаты, на цара Саламона зірнеце, дочкі Сіёнскія, на вянок, якім яго маці ў дзень вясельля ўвянчала, у дзень радасьці сэрца ягонага. 
