﻿ІСАІ.
9.
Ранейшы час зьняцэніў зямлю Завулонавую і зямлю Нэфталімавую; а далейшы праславіць дарогу прыморскую, зямлю заярданскую, Галілею язычніцкую. 
Народ, які хадзіў у цемры, убачыць сьвятло вялікае; на жыхароў краіны ценю сьмяротнага сьвятло зазьзяе. 
Ты памножыш народ, павялічыш радасьць ягоную. Ён будзе весяліцца перад Табою, як весяляцца ў час жніва, як радуюцца пры падзеле здабычы. 
Бо ярмо, якое ўціскала яго, і жазло, якое біла яго, і кій прыгнятальніка - Ты паламаеш, як у дзень Мадыяма. 
Бо ўсякі абутак воіна ў часе бітвы, і вопратка, залітая крывёю, будуць аддадзены на спаленьне, на ежу агню. 
Бо дзіця нарадзілася нам; Сын дадзены нам; уладарства на плячах у Яго, і дадуць імя Яму: Дзівосны, Дарадца, Бог Моцны, Бацька Вечнасьці, Князь Міру. 
Памнажэньню ўладарства Яго і міру няма краю на пасадзе Давідавым і ў царстве ў Яго, каб Яму сьцьвердзіць яго і ўмацаваць яго правасудзьдзем і праўдаю ад сёньня і давеку. Рупнасьць Госпада Саваофа зробіць гэта. 
Слова пасылае Гасподзь на Якава, і яно сыходзіць на Ізраіля, 
каб ведаў увесь народ, Яфрэм і жыхары Самарыі, якія з пыхаю і пагардлівым сэрцам кажуць: 
«цэглы пападалі, пабудуем з часанага каменю; сікаморы высечаны, заменім іх кедрамі». 
І падыме Гасподзь супроць яго ворагаў Рэцына, і супастатаў ягоных узброіць: 
Сірыянаў з усходу, а Філістымлянаў з захаду; і будуць яны жэрці Ізраіля на поўную пашчу. Пры гэтым не адкасьнецца гнеў Яго, і рука Яго яшчэ прасьцёртая. 
Але народ не навяртаецца да Таго, Хто б'е яго, і да Госпада Саваофа не прыбягае. 
І адсячэ Гасподзь у Ізраіля галаву і хвост, пальму і трысьціну, у адзін дзень: 
старац і знакаміты, - гэта галава; а прарок-ілжэнастаўнік ёсьць хвост. 
І правадыры гэтага народа ўвядуць яго ў аблуду, і тыя, каго яны ўвядуць, загінуць. 
Таму за юнакоў яго не парадуецца Гасподзь, і сіротаў яго і ўдоваў не пашкадуе; бо ўсе яны - крывадушнікі і ліхадзеі, і вусны ўсіх гавораць зласьліва. Пры ўсім гэтым не адкасьнецца гнеў Ягоны, і рука Яго яшчэ прасьцёртая. 
Бо беззаконьне, як агонь, разгарэлася; пажырае церне і калючы хмыз і палае ў нетрах лесу, - і шугаюць слупы дыму. 
Лютасьць Госпада Саваофа апаліць зямлю, і народ зробіцца спажывай агню; не ўмілажаліцца чалавек з брата свайго. 
І будуць рэзаць з правага боку, і застануцца галодныя; і будуць есьці зь левага, і ня будуць сытыя; кожны будзе пажыраць плоць мышцы сваёй: 
Манасія - Яфрэма і Яфрэм - Манасію, абодва разам - Юду. Пры ўсім гэтым не адкасьнецца гнеў Яго, і рука Яго яшчэ прасьцёртая. 
