﻿ІСАІ.
10.
Гора тым, якія ставяць несправядлівыя законы і пішуць жорсткія пастановы, 
каб адхіліць бедных ад правасудзьдзя і пазбавіць правоў маламоцных з народу Майго, каб удоваў зрабіць здабычаю сваёю і абрабаваць сіротаў. 
І што вы будзеце рабіць у дзень пакараньня, калі прыйдзе пагібель здалёку? Да каго ўцечаце па дапамогу? і дзе пакінеце багацьце вашае? 
Безь Мяне сагнуцца сярод вязьняў і ўпадуць сярод забітых. Пры ўсім гэтым не адкасьнецца гнеў Ягоны, і рука Яго яшчэ прасьцёртая. 
О, Асур, жазло гневу Майго! і біч у руцэ ў яго - Маё абурэньне! 
Я пашлю яго супроць народу бязбожнага і супроць народу гневу Майго, загадаю яму - абабраць рабункам і ўзяць здабычу, і таптаць яго, як бруд на вуліцах. 
Але ён ня так падумае, і ня так намысьліць сэрца ягонае: у яго будзе на сэрцы - спустошыць і вынішчыць нямала народаў. 
Бо ён скажа: «ці ня ўсе цары князі мае?» 
Халнэ ці ж ня тое самае, што Кархэміс? Эмат ці ж ня тое самае, што Арпад? Самарыя ці ж ня тое самае, што Дамаск? 
Бо рука мая авалодала царствамі ідальскімі, у якіх куміраў больш, чым у Ерусаліме і Самарыі, 
ці ж не зраблю таго самага зь Ерусалімам і рэзьбамі яго, што зрабіў з Самарыяй ды ідаламі яе? 
І станецца: калі Гасподзь завершыць усю Сваю дзею на гары Сіёне і ў Ерусаліме, скажа: пагляджу на посьпех пыхлівага сэрца цара Асірыйскага і на славалюбства высока паднятых вачэй ягоных. 
Ён кажа: сілаю рукі маёй і маёю мудрасьцю я зрабіў гэта, бо я разумны: і перастаўляю межы народаў, і разбураю скарбы іхнія, і скідаю з тронаў, як волат; 
і рука мая захапіла багацьце народаў, як гнёзды; і як забіраюць пакінутыя ў іх яйкі, так забраў я ўсю зямлю, і ніхто не варухнуў крылом і не разьзявіў рота і ня пікнуў. 
Ці пахваляецца сякера перад тым, хто сячэ ёю? Ці ганарыцца піла перад тым, хто яе рухае? Хіба жазло паўстае на таго, хто падымае яго; хіба кій падымаецца на таго, хто ня дрэва! 
За тое Гасподзь, Гасподзь Саваоф, пашле сухоты на тлустых яго і сярод знакамітых яго запаліць полымя, як полымя агню. 
Сьвятло Ізраіля будзе агнём, і Сьвяты яго - полымем, якое спаліць і зжарэ церне яго і бадзякі яго за адзін дзень; 
і славуты лес яго і сад яго, ад душы да цела, вынішчыць; і ён будзе, як чэзлы прысьмертнік. 
І рэшта дрэў лесу будзе такая малая лікам, што дзіця зможа зрабіць вопіс. 
І будзе ў той дзень: рэшта Ізраіля і хто ўратуецца з дома Якава, ня будуць больш спадзявацца на таго, хто пабіў іх, а пакладуць надзею на Госпада, Сьвятога Ізраілевага, са шчырым сэрцам. 
Рэшта навернецца, рэшта Якава - да Бога моцнага. 
Бо, хоць бы народу ў цябе, Ізраіле, было столькі, колькі пяску марскога, толькі рэшта яго вернецца; вынішчэньне вызначана, каб зьдзейсьнілася справядлівасьць; 
бо вызначанае вынішчэньне ўчыніць Гасподзь, Гасподзь Саваоф, на ўсёй зямлі. 
Таму так кажа Гасподзь, Гасподзь Саваоф: народзе мой, што жывеш на Сіёне! ня бойся Асура. Ён цябе вытне жазлом, і падыме свой кій на цябе, як Егіпет. 
Яшчэ нямнога, зусім нядоўга, і пройдзе Маё абурэньне, і лютасьць Мая абернецца на вынішчэньне іх. 
І падыме Гасподзь Саваоф біч на яго, як пад час паражэньня Мадыяма каля скалы Арыва, альбо як падняў на мора жазло і падыме яго, як на Егіпет. 
І станецца ў той дзень: здымецца з плячэй тваіх цяжар ягоны, і ярмо ягонае - з шыі тваёй; і распадзецца ярмо ад тлушчу. 
Ён ідзе на Аят; праходзіць Мігрон; у Міхмасе складвае запасы свае. 
Праходзяць цясьніны; у Геве начлег іхні; Рама трасецца; Саўлава Гіва разьбеглася. 
Галасі голасам тваім, дачка Галімава; хай пачуе цябе Лаіс, гаротны Анатот! 
Мадмена разьбеглася, жыхары Гевіма пасьпешна ўцякаюць. 
Яшчэ дзень прастаіць ён у Нове; пагражае рукою сваёю гары Сіёну, пагорку Ерусалімскаму. 
Вось, Гасподзь, Гасподзь Саваоф, страшнаю сілаю сарве вецьце дрэў, і выбуялыя сьсечаны будуць, выносныя пахілены да зямлі. 
І пасячэ нетры лесу жалезам, - і Ліван упадзе ад Усемагутнага. 
