﻿ІСАІ.
22.
Прароцтва пра даліну відзежаў. - Што з табою, што ты ўвесь выйшаў на дахі? 
Горад шумны, расхваляваны, горад поўны вясёлага галасу! Пабітыя твае ня мечам забітыя і ня ў бітве памерлі; 
усе правадыры твае ўцякалі разам, але былі зьвязаныя лучнікамі; усе воіны твае зьвязаны разам, як ні далёка ўцякалі. 
Таму кажу: пакіньце мяне, я паплачу горка; ня сільцеся суцешыць мяне, калі зруйнавана дачка народу майго. 
Бо дзень смуты і патаптаньня і закалоту ў даліне відзежаў ад Госпада Бога Саваофа. Рушаць сьцяну, і крык узыходзіць на горы. 
І Элам нясе калчан; людзі на калясьніцах і верхаўцы, і Кір падымае шчыт. 
І вось, найлепшыя даліны твае напоўніліся калясьніцамі, і верхаўцы вырадаваліся насупраць брамы, 
і здымаюць заслону зь Юдэі; і ты паглядзеў таго дня на запасы зброі ў доме кедровым. 
Але вы бачыце шмат праломінаў у сьцяне горада Давідавага, і зьбіраеце воды ў ніжняй сажалцы; 
і пазначаеце дамы ў Ерусаліме, і разбураеце дамы, каб умацаваць сьцяну; 
і ладзіце паміж дзьвюма сьценамі сховішча на воды старое сажалкі. А на Таго, Хто гэта робіць, не пазіраеце, і не глядзіце на Таго, Хто здаўна вызначыў гэта. 
І Гасподзь, Гасподзь Саваоф, заклікае вас у гэты дзень плакаць і бедаваць, і пастрыгчы валасы і вярэтаю аперазацца. 
Але вось, весялосьць і радасьць! Колюць валоў, і рэжуць авечак; ядуць мяса, і п'юць віно: «будзем есьці і піць, бо заўтра памрэм!» 
І адкрыў мне ў вушы Гасподзь Саваоф: ня будзе даравана вам гэта бязбожнасьць, пакуль не памраце, сказаў Гасподзь, Гасподзь Саваоф. 
Так сказаў Гасподзь, Гасподзь Саваоф: ідзі, ідзі да гэтага царадворца, да Сэўны, начальніка палаца, і скажы яму: 
што ў цябе тут, і хто тут у цябе, што ты тут высякаеш сабе магілу? - Ён высякае сабе магілу на пагорку, вырубае ў скале сабе жытлішча. 
Вось, Гасподзь перакіне цябе, як кідае дужы чалавек, і сьцісьне цябе ў камяк; 
згорне цябе ў сувой і кіне цябе, як меч, у зямлю прасторную; там ты памрэш, і там раскошныя калясьніцы твае будуць агудаю дому гаспадара твайго. 
І саштурхну цябе зь месца твайго, і скіну цябе з прыступкі тваёй. 
І будзе таго дня, паклічу раба Майго Эльякіма, сына Хэлкіінавага, 
і апрану яго ў адзеньне тваё і поясам тваім аперажу яго, і ўладу тваю перадам у рукі ягоныя; і будзе ён бацькам жыхарам Ерусаліма і дому Юдаваму. 
І кліч дома Давідавага пакладу на плечы ягоныя; адчыніць ён, і ніхто не замкне; замкне ён, і ніхто не адчыніць. 
І ўваб'ю яго, нібы цьвік, у цьвёрдае месца; і будзе ён як пасад славы дому бацькі свайго. 
І будзе вісець на ім уся слава дома бацькі ягонага, дзяцей і ўнукаў, усяго хатняга начыньня да апошніх музычных прыладаў. 
У той дзень, кажа Гасподзь Саваоф, расхітаецца цьвік, убіты ў цьвёрдае месца, і будзе выбіты, і ўпадзе, і зьнішчыцца ўвесь цяжар, што на ім: бо Гасподзь кажа. 
