﻿ІСАІ.
31.
Гора тым, што ідуць у Егіпет па дапамогу, спадзяюцца на коней і надзею кладуць на калясьніцы, бо іх багата, і на верхаўцоў, бо яны вельмі моцныя, а на Сьвятога Ізраілевага не глядзяць і Госпада ня шукаюць! 
Але мудры Ён; і навядзе бедства, і не адменіць слоў Сваіх; паўстане супроць дома бязбожных і супроць дапамогі беззаконьнікам. 
Егіпцяне - людзі, а ня Бог; і коні ў іх - плоць, а ня дух. І працягне руку Сваю Гасподзь, і спатыкнецца абаронца, і ўпадзе той, каго бароняць, і ўсе разам загінуць. 
Бо так сказаў мне Гасподзь: як леў, як ільвяня, што скавычуць над лупам сваім, хай бы хоць шмат пастухоў крычалі на яго, ад крыку іхняга не здрыганецца і мноству іх не саступіць, - так Гасподзь Саваоф сыдзе змагацца на гару Сіён і на пагорак яго. 
Як птушкі - птушанят, так Гасподзь Саваоф пакрые Ерусалім, абароніць і выбавіць, зьлітуецца і выратуе. 
Зьвярнецеся да Таго, ад Якога вы далёка адпаліся, сынове Ізраіля! 
У той дзень адкіне кожны чалавек сваіх срэбных ідалаў і залатых сваіх ідалаў, зробленых рукамі вашымі вам на грэх. 
І Асур упадзе не ад чалавечага меча, і не чалавечы меч заб'е яго, ён уцячэ ад меча, і юнакі ягоныя стануць падаткам. 
І ад страху пабяжыць міма крэпасьці сваёй; і князі яго будуць баяцца сьцяга, кажа Гасподзь, у Якога агонь на Сіёне і горан у Ерусаліме. 
