﻿ІСАІ.
32.
Вось, Цар будзе цараваць паводле праўды, і князі будуць кіраваць паводле закона; 
і кожны зь іх будзе абаронай ад ветру і покрывам ад непагадзі, як крыніцы вады ў стэпе, як цень ад высокай скалы ў зямлі выснаджанай. 
І вочы відушчых ня будуць заплюшчвацца, і вушы чуйных будуць слухаць. 
І сэрца легкадумных будзе ўмець разважаць; і гаркавыя будуць гаварыць выразна. 
Невука ўжо не называцьмуць шаноўным, і пра падступнага ня скажуць, што ён сумленны. 
Бо невук гаворыць дурное, і сэрца ягонае намышляе беззаконнае, каб рабіць крывадушна і вымаўляць агуду на Госпада, душу галоднага пазбаўляць хлеба і адбіраць пітво ў сасьмяглага. 
У падступнага і ўчынкі згубныя: ён намышляе ліхое, каб загубіць беднага хлусьнёю, хай той бедны і будзе слушны. 
А сумленны і думае пра сумленнае і цьвёрды ва ўсім, што сумленнае. 
Жанчыны неабачлівыя! устаньце, паслухайце голасу майго; дочкі бестурботныя, прыхілеце вушы да маіх слоў! 
Яшчэ некалькі дзён звыш году, і жахнецеся, неабачлівыя! бо ня будзе збору вінаграду, і пара жніва не настане. 
Скаланецеся, бястурботныя! жахнецеся, неабачлівыя! і аперажэце сьцёгны. 
Будуць біць сябе ў грудзі за цудоўныя палі, за вінаградную лазу пладавітую. 
На зямлі народу майго будуць расьці церне і бадзякі, гэтак сама і на ўсіх дамах радасьці ў разьвяселеным горадзе; 
бо харомы будуць пакінутыя; шумны горад будзе пакінуты; Афэл і вежа заўсёды будуць служыць замест пячораў, прытулкам дзікім аслам і напасьвеным статкам, 
пакуль ня выльецца на нас Дух з высяў, і пустыня ня зробіцца садам, а сад ня будуць лічыць лесам. 
Тады суд паселіцца ў гэтай пустыні, і правасудзьдзе будзе жыць на ўрадлівым полі. 
І чынам ісьціны будзе мір, і плодам правасудзьдзя - спакайната і бясьпека вечная. 
Тады народ мой жыцьме ў селішчы міру і ў селішчах бясьпечных і ў пакоях дабрашчасных. 
І град будзе падаць на лес, і горад апусьціцца долу. 
Дабрашчасныя вы, што сееце каля ўсіх водаў і пасылаеце туды вала і асла. 
