﻿ЕРАМІІ.
10.
Слухайце слова, якое Гасподзь кажа вам, доме Ізраілеў. 
Так кажа Гасподзь: ня вучэцеся шляхам язычнікаў і ня бойцеся азнакаў нябесных, якіх язычнікі баяцца. 
Бо статуты народаў - пустата: сьсякаюць дрэва ў лесе, абрабляюць яго рукамі цесьлі зь сякерай, 
пакрываюць срэбрам і золатам, прымацоўваюць цьвікамі і молатам, каб ня хісталася. 
Яны - як абчасаны слуп, і ня кажуць: іх носяць, бо хадзіць ня могуць. Ня бойцеся іх, бо яны ня могуць прычыніць ліха, але і добра рабіць ня маюць сілы. 
Няма падобнага да Цябе, Госпадзе! Ты вялікі, і імя Тваё вялікае магутнасьцю. 
Хто не збаіцца Цябе, Цару народаў? бо Табе аднаму належыць гэта; бо паміж усімі мудрацамі народаў і ва ўсіх царствах іх няма падобнага да Цябе. 
Усе да аднаго яны бязглуздыя і дурныя; пустое вучэньне - гэта дрэва. 
Расплюшчанае ў лісты срэбра прывезена з Тарсіса, золата - з Уфаза: твор мастака і рук гутніка; вопратка на іх - гіяцынт і пурпура: усё гэта - творы людзей умелых. 
А Гасподзь Бог ёсьць ісьціна; Ён ёсьць Бог жывы і Цар вечны. Ад гневу Яго дрыжыць зямля, і народы ня могуць вытрымаць абурэньне Ягонае. 
Так кажэце ім: багі, якія не стварылі неба і зямлі, зьнікнуць зь зямлі і з-пад нябёсаў. 
Ён стварыў зямлю сілаю Сваёю, сьцьвердзіў сусьвет мудрасьцю Сваёю і розумам Сваім раскінуў нябёсы. 
Па голасе Ягоным шумяць воды на нябёсах, і Ён падымае аблокі ад краёў зямлі, творыць маланкі сярод дажджу і выводзіць вецер са сховішчаў Сваіх. 
Вар'яцее кожны чалавек у сваім веданьні, сарамаціць сябе кожны гутнік балванам сваім, бо выплаўленае ім ёсьць мана, і няма ў ім духу. 
Гэта - поўная пустата, справа аблудная; у час наведваньня іх яны зьнікнуць. 
Не такая, як у іх, доля Якава; бо Бог яго ёсьць Творца ўсяго, і Ізраіль ёсьць жазло спадчыны Ягонай; імя Яго - Гасподзь Саваоф. 
Прымай зь зямлі маёмасьць тваю, ты, якая маеш сядзець у аблозе; 
бо так кажа Гасподзь: вось, Я выкіну жыхароў гэтай зямлі гэтым разам і заганю іх у цеснае месца, каб схапілі іх. 
Гора мне ў маім смутку; пакутная рана мая, але я кажу сам сабе: «сапраўды, гэта - мая скруха, і я буду несьці яе; 
намёт мой спустошаны і ўсе вяроўкі мае парваныя; дзеці мае пайшлі ад мяне, і няма іх: няма каму раскінуць намёта майго і разьвесіць кілімы мае; 
бо пастыры зрабіліся бязглуздымі і ня шукалі Госпада, а таму яны і рабілі бязглузда, і ўвесь статак іхні расьсеяны». 
Ляціць чутка: вось ён ідзе, і вялікі шум ад краіны паўночнай, каб гарады Юдэі зрабіць пустыняю, селішчамі шакалаў. 
Ведаю, Госпадзе, што ня ў волі чалавека шлях ягоны, што не ва ўладзе хадыкі даваць кірунак ступакам сваім. 
Карай мяне, Госпадзе, але па праўдзе, ня ў гневе тваім, каб ня прынізіць мяне, 
вылі лютасьць Тваю на народы, якія ня ведаюць Цябе, і на плямёны, якія ня прызнаюць імя Твайго; бо яны зьелі Якава, зжэрлі яго і зьнішчылі яго і жытло ягонае спустошылі. 
