﻿ПЛАЧ.
5.
Успомні, Госпадзе, што над намі зьдзейсьнілася; паглядзі, падзівіся на паганьбеньне нашае: 
спадчына нашая перайшла да чужых, дамы нашыя - да іншапляменцаў; 
Мы асірацелі, бяз бацькі; маці нашыя - аўдавелі. 
Ваду сваю п'ем за срэбра, дровы нашыя нам за грошы даюць. 
Нас паганяюць у карак, мы працуем - і ня маем спачыну. 
Працягваем руку да Егіпцянаў, да Асірыянаў, каб наесьціся хлеба. 
Бацькі нашыя грэшнікі: іх больш няма, а мы кару нясем за беззаконьні іхнія. 
Рабы пануюць над намі, і няма каму выбавіць з-пад рукі іхняй. 
Свой хлеб здабываем з пагрозай жыцьцю ад меча. 
Счарнела, як печ, нашая скура ад пякучага голаду 
Жанок на Сіёне няславяць, дзяўчат - у гарадах Юдэйскіх. 
Князі павешаны рукамі іхнімі, абліччы старцаў не ўшанаваны. 
Юнакоў бяруць да жорнаў, і падлеткі падаюць пад ношкамі дроў. 
Старцы не сядзяць больш каля варотаў; хлапцы не сьпяваюць. 
Аціхла радасьць сэрца нашага: карагоды нашыя ў енк абярнуліся. 
Упаў вянок з галавы нашай; гора нам, што мы зграшылі! 
Ад гэтага вось зьнемаглося нашае сэрца; ад гэтага нашыя вочы зацьміліся. 
Ад таго, што апусьцела гара Сіён, лісы ходзяць па ёй. 
Ты, Госпадзе, жывеш вечна; трон твой - род у род. 
Дзеля чаго зусім забываеш нас, пакідаеш на доўгі час? 
Навярні нас да Цябе, Госпадзе, і мы навернемся; абнаві дні нашыя, як спрадвеку было. 
Няўжо ты зусім адкінуў нас, прагневаўся на нас бязь меры?
