﻿ЕЗЭКІІЛЯ.
26.
У адзінаццатым годзе, у першы дзень першага месяца было мне слова Гасподняе: 
сыне чалавечы! за тое, што Тыр гаворыць пра Ерусалім: «ага! ага! ён скрышаны - брама народаў; ён зьвяртаецца да мяне; напоўнюся, ён спустошаны,» 
за тое, так кажа Гасподзь Бог: вось Я на цябе, Тыру, і падыму на цябе многія народы, як мора падымае хвалі свае. 
І разаб'юць муры Тыра і разбураць вежы ягоныя; і вымяту зь яго пыл яго і зраблю яго голаю скалою. 
Месцам на расьсьціланьне сетак будзе ён сярод мора; бо Я сказаў гэта, кажа Гасподзь Бог: і будзе ён на разрабаваньне народам. 
А дочкі ягоныя, якія на зямлі, забітыя будуць мечам, і ўведаюць, што Я - Гасподзь. 
Бо так кажа Гасподзь Бог: вось, Я прывяду супроць Тыра з поўначы Навухаданосара, цара Вавілонскага, цара цароў, з конямі і з калясьніцамі, і зь вершнікамі, і з войскам і са шматлікім народам. 
Дочак тваіх на зямлі ён заб'е мечам і збудуе супроць цябе абложныя вежы, і насыпле супроць цябе вал і паставіць супроць цябе шчыты; 
і да сьценаў тваіх пасуне сьценабітныя машыны і вежы твае разбурыць сякерамі сваімі. 
Ад мноства коней яго накрые цябе пыл, ад шуму верхаўцоў і колаў і калясьніц затрасуцца сьцены твае, калі ён будзе ўваходзіць у браму тваю, як уваходзяць у разьбіты горад. 
Капытамі коней сваіх ён патопча ўсе вуліцы твае, народ твой паб'е мечам і помнікі магутнасьці тваёй скіне на зямлю. 
І зрабуюць багацьце тваё і расхапаюць тавары твае, і разбураць муры твае і разаб'юць прыгожыя дамы твае і камяні твае і дрэвы твае, і зямлю тваю кінуць у ваду. 
І спыню гучаньне песьняў тваіх, і гук цытраў тваіх больш ня будзе чуцен. 
І зраблю цябе голаю скалою, будзеш месцам для расьсьціланьня сетак: ня будзеш зноў пабудаваны, бо Я Гасподзь сказаў гэта, кажа Гасподзь Бог. 
Так кажа Гасподзь Бог Тыру: ад шуму падзеньня твайго, ад стогну параненых, калі будзе пабоішча сярод цябе, ці ж не задрыжаць выспы? 
І сыдуць усе князі мора з прастолаў сваіх і скінуць зь сябе мантыі свае, і здымуць зь сябе ўзорыстую вопратку сваю, апрануцца ў трымценьне, сядуць на зямлю, і кожную хвіліну будуць дрыжаць і зьдзіўляцца зь цябе. 
І падымуць плач па табе і скажуць табе: «як загінуў ты, населены мараходамі, горад славуты, які быў моцны на моры, сам і жыхары ягоныя, што наводзілі страх на ўсіх насельнікаў яго! 
Сёньня, у дзень падзеньня твайго, задрыжалі выспы; выспы на моры жахнуліся ад пагібелі тваёй. 
Бо так кажа Гасподзь Бог: калі Я зраблю цябе горадам апусьцелым, падобным на гарады незаселеныя, калі падыму на цябе багну, і накрыюць цябе вялікія воды; 
тады зьвяду цябе з тымі, што ідуць у магілу да народу даўно былога і зьмяшчу цябе ў самым сподзе зямлі, у пустынях вечных, з тымі, што адышлі ў магілу, каб ты больш ня быў заселены; і яўлю табе славу на зямлі жывых. 
Жудасьцю зраблю цябе, і ня будзе цябе, і будуць шукаць цябе, але ўжо ня знойдуць цябе вавекі, кажа Гасподзь Бог. 
