﻿АСІІ.
6.
У скрусе сваёй яны з раньняга рана будуць шукаць Мяне і казаць: хадзем і вернемся да Госпада! бо Ён параніў - і Ён ацаліць нас, уразіў - і перавяжа нашыя раны; 
ажывіць нас праз два дні, на трэці дзень паставіць нас, і мы будзем жыць перад абліччам Яго. 
Дык вось, спазнаем, будзем імкнуцца спазнаць Госпада; як ранішняя зара - зьяўленьні Яго, і Ён прыйдзе да нас як дождж, як позьні дождж абросіць зямлю. 
Што зраблю табе, Яфрэме? што зраблю табе, Юдзе? пабожнасьць вашая як ранішні туман і як раса, хутка зьнікомая. 
Таму Я ўражваў праз прарокаў і біў іх словамі вуснаў Маіх, і суд Мой як узыходнае сьвятло. 
Бо Я міласьці хачу, а не ахвяры, і Богаведаньня болей, чым усеспаленьняў. 
А яны, падобна Адаму, парушылі запавет і там здрадзілі Мне. 
Галаад - горад бязбожнікаў, запэцканы крывёю. 
Як рабаўнікі высочваюць чалавека, так зборню сьвятароў забіваюць на дарозе ў Сіхем і ўчыняюць мярзоты. 
У доме Ізраіля Я бачу жудаснае; там блудадзейства ў Яфрэма, апаганіўся Ізраіль. 
І табе, Юдзе, вызначана жніво, калі Я вярну палон народу Майго. 
