﻿ПАВОДЛЕ МАЦЬВЕЯ СЬВЯТОЕ ДАБРАВЕСЬЦЕ.
1.
Кніга роду Ісуса Хрыста, сына Давідавага, сына Абрагамавага. 
Абрагам спарадзіў Ісака, Ісак спарадзіў Якава, Якаў спарадзіў Юду і братоў ягоных; 
Юда спарадзіў Фарэса і Зару ад Тамары; Фарэс спарадзіў Эсрома; Эсром спарадзіў Арама; 
Арам спарадзіў Амінадава; Амінадаў спарадзіў Наасона; Наасон спарадзіў Салмона; 
Салмон спарадзіў Ваоза ад Рахавы; Ваоз спарадзіў Авіда ад Руты; Авід спарадзіў Ясея; 
Ясей спарадзіў Давіда цара; Давід цар спарадзіў Саламона ад былой жонкі Урыевай; 
Саламон спарадзіў Раваама; Раваам спарадзіў Авію; Авія спарадзіў Асу; 
Аса спарадзіў Ёсафата; Ёсафат спарадзіў Ярама; Ярам спарадзіў Азію; 
Азія спарадзіў Ёатама; Ёатам спарадзіў Ёзэкію; 
Ёзэкія спарадзіў Манасію; Манасія спарадзіў Амона; Амон спарадзіў Ёсію; 
Ёсія спарадзіў Ёакіма; Ёакім спарадзіў Еханію і братоў яго, пад час высяленьня вавілонскага. 
Пасьля ж высяленьня вавілонскага Еханія спарадзіў Салатыіля; Салатыіль спарадзіў Зарававеля; 
Зарававель спарадзіў Авіуда; Авіуд спарадзіў Эліякіма; Эліякім спарадзіў Азора; 
Азор спарадзіў Садока; Садок спарадзіў Ахіма; Ахім спарадзіў Эліуда; 
Эліуд спарадзіў Элеазара; Элеазар спарадзіў Матана; Матан спарадзіў Якава; 
Якаў спарадзіў Язэпа, мужа Марыі, ад Якой нарадзіўся Ісус, Якога называюць Хрыстос. 
І вось усіх пакаленьняў ад Абрагама да Давіда чатырнаццаць пакаленьняў; і ад Давіда да высяленьня вавілонскага чатырнаццаць пакаленьняў; і ад высяленьня вавілонскага да Хрыста чатырнаццаць пакаленьняў. 
Нараджэньне Ісуса Хрыста было так: па заручынах Маці Яго Марыі зь Язэпам, перш чым сышліся яны, выявілася, што Яна мае ва ўлоньні ад Духа Сьвятога. 
А Язэп, муж Яе, будучы праведны, не жадаючы зьняславіць Яе, хацеў употай адпусьціць Яе. 
Калі ж надумаў ён гэта, - вось, анёл Гасподні ў сьне явіўся яму і сказаў: Язэпе, сыне Давідаў! ня бойся прыняць Марыю, жонку тваю; бо зачатае ў Ёй ёсьць ад Духа Сьвятога; 
і народзіць Сына, і дасі Яму імя: Ісус, бо Ён уратуе людзей Сваіх ад грахоў іхніх. 
А ўсё гэта сталася, каб збылося сказанае Госпадам праз прарока, які кажа: 
«Вось, Дзева ва ўлоньні зачне; народзіць Сына, і дадуць Яму імя: Эмануіл, што азначае: з намі Бог». 
Устаўшы ад сну, Язэп зрабіў, як загадаў яму анёл Гасподні, і прыняў жонку сваю 
і ня знаў Яе, пакуль нарадзіла Сына Свайго першароднага, і Ён даў Яму імя: Ісус. 
