﻿МАЦЬВЕЯ.
2.
Калі ж Ісус нарадзіўся ў Віфляеме Юдэйскім у дні цара Ірада, вось, мудрацы з усходу прыйшлі ў Ерусалім і кажуць: 
дзе народжаны Цар Юдэйскі? бачылі бо мы зорку Яго на ўсходзе і прыйшлі пакланіцца Яму. 
Пачуўшы гэта, цар Ірад занепакоіўся, і ўвесь Ерусалім зь ім. 
І сабраўшы ўсіх першасьвятароў і кніжнікаў народных, пытаўся ў іх: дзе мбе нарадзіцца Хрыстос? 
Яны ж сказалі яму: у Віфляеме Юдэйскім, так бо напісана праз прарока: 
«І ты, Віфляеме, зямля Юдава, нічым ня меншы сярод ваяводстваў Юдавых, бо зь цябе выйдзе Правадыр, Які ўсьцеражэ народ мой Ізраіля». 
Тады Ірад, употай паклікаўшы мудрацоў, выведаў у іх час зьяўленьня зоркі 
і, паслаўшы іх у Віфляем, сказаў: ідзеце, добра разьведайце пра Дзіця і, як знойдзеце, накажэце мне, каб і я пайшоў пакланіцца Яму. 
Яны, выслухаўшы цара, пайшлі. І вось, зорка, якую бачылі яны на ўсходзе, ішла перад імі, пакуль, прыйшоўшы, ня стала ўгары над месцам, дзе было Дзіця. 
Угледзеўшы зорку, яны ўсьцешыліся радасьцю вельмі вялікай, 
і, увайшоўшы ў дом, убачылі Дзіця з Марыяю, Маці Яго, і, упаўшы, пакланіліся Яму; і адкрыўшы скарбы свае, прынесьлі Яму дары: золата, ладан і сьмірну. 
І ў сьне атрымаўшы наказ не вяртацца да Ірада, іншай дарогай адышлі ў краіну сваю. 
Калі ж яны адышлі, - вось, анёл Гасподні яўляецца ў сьне Язэпу і кажа: устань, вазьмі Дзіця і Маці Ягоную, і ўцякай у Егіпет, і будзь там, пакуль не скажу табе, бо Ірад хоча шукаць Дзіцятка, каб загубіць Яго. 
Ён устаў, узяў Дзіця і Маці Ягоную, і адышоў у Егіпет, 
і быў там да Ірадавай сьмерці, каб збылося сказанае Госпадам праз прарока, які кажа: «З Егіпта паклікаў Я Сына Майго». 
Тады Ірад, убачыўшы, што мудрацы ашукалі яго, разгневаўся надта і паслаў пазабіваць усіх дзетак у Віфляеме і ва ўсіх межах яго, ад двух гадоў і ніжэй, паводле часу, які выведаў у мудрацоў. 
Тады збылося сказанае праз прарока Ерамію, які кажа: 
«Голас у Раме чуцен, плач, і галашэньне, і лямант вялікі; Рахіль плача па дзецях сваіх і ня хоча суцешыцца; бо іх няма». 
А як Ірад памёр, - вось, анёл Гасподні ў сьне яўляецца Язэпу ў Егіпце 
і кажа: устань, вазьмі Дзіця і Маці Ягоную і ідзі ў зямлю Ізраілеву; бо памерлі тыя, што шукалі душы Дзіцяці. 
Ён устаў, узяў Дзіця і Маці Ягоную і прыйшоў у зямлю Ізраілеву. 
Але пачуўшы, што Архелай валадарыць ў Юдэі замест Ірада, бацькі свайго, пабаяўся туды ісьці; і атрымаўшы ў сьне наказ, адышоў у межы Галілейскія, 
і, прыйшоўшы, пасяліўся ў горадзе, які называецца Назарэт, каб збылося сказанае праз прарокаў, што Ён Назарэем назавецца. 
