﻿МАЦЬВЕЯ.
3.
У тыя дні прыходзіць Ян Хрысьціцель і прапаведуе ў пустыні Юдэйскай 
і кажа: пакайцеся, бо наблізілася Царства Нябеснае. 
Бо Ён Той, пра Каго сказаў прарок Ісая: «голас таго, хто кліча ў пустыні, падрыхтуйце шлях Госпаду, простымі зрабеце сьцежкі Яму». 
А ў самога Яна была вопратка зь вярблюджага воласу і скураны пояс на паясьніцы ягонай; а ежай яму былі акрыды і дзікі мёд. 
Тады выходзілі да яго Ерусалім і ўся Юдэя, і ўсё навакольле Ярданскае 
і хрысьціліся ў Ярдане ў яго, спавядаючыся ў грахах сваіх. 
Убачыўшы многіх фарысэяў і садукеяў, што ішлі да яго хрысьціцца, Ян сказаў ім: выродзьдзе яхідніна! хто вас намовіў уцякаць ад будучага гневу? 
Прынясеце ж годны плод пакаяньня; 
і ня думайце гаварыць самі сабе: «бацька ў нас Абрагам»; бо кажу вам, што Бог можа з камянёў гэтых узьвесьці дзяцей Абрагаму; 
ужо і сякера пры корані дрэваў ляжыць: бо ўсякае дрэва, якое ня родзіць добрага плоду, сьсякаюць і кідаюць у вагонь; 
я хрышчу вас вадою на пакаяньне; але Той, Хто ідзе за мною, мацнейшы за мяне; я ня варты панесьці абутак Ягоны; Ён будзе хрысьціць вас Духам Сьвятым і вагнём; 
лапата Ягоная ў руцэ ў Яго, і Ён ачысьціць гумно Сваё, і зьбярэ пшаніцу Сваю ў засекі, а салому спаліць вагнём непагасным. 
Тады прыходзіць Ісус з Галілеі на Ярдан да Яна хрысьціцца ў яго. 
Ян жа стрымліваў Яго, кажучы: мне трэба ў Цябе хрысьціцца, а Ты прыходзіш да мяне? 
Але Ісус сказаў у адказ яму: дапусьці цяпер, бо так належыць нам зьдзейсьніць ўсякую праведнасьць. Тады Ян дапускае Яго. 
І ахрысьціўшыся, Ісус выйшаў адразу з вады; - і вось, адчыніліся Яму нябёсы, і ўбачыў Ян Духа Божага, Які сыходзіў, як голуб, і апускаўся на Яго. 
І вось, голас зь нябёсаў прамовіў: Гэты ёсьць Сын Мой Любасны, Якога Я ўпадабаў. 
