﻿МАЦЬВЕЯ.
7.
Ня судзеце, каб і вас ня судзілі; 
бо якім судом судзіце, такім вас судзіць будуць; і якою мераю мерыце, такою і вам будуць мерыць. 
І што ты глядзіш на парушынку ў воку брата твайго, а калоды ў воку сваім не адчуваеш? 
Альбо, як скажаш брату свайму: «Дай, я выму парушынку з вока твайго»; а вось у тваім воку калода? 
Крывадушнік! вымі спачатку калоду са свайго вока, і тады ўбачыш, як выняць парушынку з вока брата твайго. 
Не давайце сьвятога сабакам і ня кідайце пэрлаў вашых перад сьвіньнямі, каб яны не стапталі іх нагамі сваімі і, абярнуўшыся, не разадралі вас. 
Прасеце, і дасца вам; шукайце, і знойдзеце; стукайцеся, і адчыняць вам; 
бо кожны, хто просіць, атрымлівае, і, хто шукае, знаходзіць, і хто стукаецца, таму адчыняць. 
Ці ёсьць сярод вас такі чалавек, які, калі папросіць сын ягоны ў яго хлеба, камень падаў бы яму? 
і калі рыбы папросіць, зьмяю падаў бы яму? 
Дык вось, калі вы, ліхія, умееце дары добрыя даваць вашым дзецям, тым болей Айцец ваш, Які ёсьць у нябёсах, дасьць даброты тым, хто просіць у Яго. 
І вось усё, што хочаце, каб рабілі вам людзі, тое і вы рабеце ім; бо ў гэтым закон і прарокі. 
Уваходзьце вузкаю брамаю; бо шырокая брама і прасторная дарога вядуць у пагібель, і многія ідуць імі; 
бо вузкая брама і цесная дарога вядуць у жыцьцё, і нямногія знаходзяць іх. 
Асьцерагайцеся ілжывых прарокаў, якія прыходзяць да вас у авечай адзежы, а ўсярэдзіне - ваўкі драпежныя; 
па іхніх пладах пазнаеце іх. Ці ж зьбіраюць зь цярноўніку вінаград, альбо зь дзядоўніку смоквы? 
Так усякае добрае дрэва родзіць і плады добрыя, а благое дрэва родзіць і плады благія: 
ня можа добрае дрэва радзіць благія плады, ні дрэва благое радзіць плады добрыя. 
Усякае дрэва, якое ня родзіць плоду добрага, сьсякаюць і кідаюць у вагонь. 
Дык вось, па пладах іхніх пазнаеце іх. 
Ня кожны, хто кажа Мне: «Госпадзе! Госпадзе!» увойдзе ў Царства Нябеснае, а той, хто выконвае волю Айца Майго, Які ёсьць у нябёсах. 
Многія скажуць Мне ў той дзень: «Госпадзе! Госпадзе! ці не ад Твайго імя мы прарочылі? і ці не Тваім імем дэманаў выганялі? і ці не Тваім імем многія цуды ўчынялі?». 
І тады абвяшчу ім: «Я ніколі ня знаў вас; адыдзеце ад Мяне, вы, што робіце беззаконьне». 
Дык вось, кожны, хто слухае гэтыя словы Мае і выконвае іх, прыпадобніцца да мужа разумнага, які збудаваў свой дом на камені; 
і паліўся дождж, і разьліліся рэкі, і падзьмулі вятры, і рынуліся на той дом; і ён ня ўпаў, бо пастаўлены быў на камені. 
А кожны, хто слухае гэтыя словы Мае і ня выконвае іх, прыпадобніцца да мужа неразважлівага, які паставіў свой дом на пяску; 
і паліўся дождж, і разьліліся рэкі, і падзьмулі вятры, і налеглі на дом той; і ён упаў, і было падзеньне яго вялікае. 
І сталася, калі Ісус прамовіў гэтыя словы, дзівавалі людзі з вучэньня Яго, 
бо Ён іх вучыў як той, хто мае ўладу, а не як кніжнікі і фарысэі. 
