﻿МАЦЬВЕЯ.
15.
Тады прыходзяць да Ісуса Ерусалімскія кніжнікі і фарысэі і кажуць: 
навошта вучні Твае парушаюць звычай старцаў? бо ня ўмываюць рук сваіх, калі ядуць хлеб. 
А Ён сказаў ім у адказ: навошта і вы парушаеце запаведзь Божую дзеля звычаю вашага? 
Бо Бог запаведаў, сказаўшы: шануй бацьку і маці; і: хто ліхасловіць бацьку альбо маці, сьмерцю хай памрэ. 
А вы кажаце: калі хто скажа бацьку альбо маці: «дар Богу - тое, чым бы ты ад мяне карыстаўся», 
той можа і не ўшанаваць бацьку альбо маці сваю; такім чынам вы скасавалі запаведзь Божую дзеля звычаю вашага. 
Крывадушнікі! добра прарочыў пра вас Ісая, кажучы: 
«Набліжаюцца да Мяне людзі гэтыя вуснамі сваімі і шануюць Мяне языком; а сэрца іхняе далёка адлягае ад Мяне; 
але марна шануюць Мяне, навучаючы вучэньням, запаведзям чалавечым». 
І паклікаўшы люд, сказаў яму: слухайце і разумейце: 
ня тое, што ўваходзіць у вусны, апаганьвае чалавека; а што выходзіць з вуснаў, тое апаганьвае чалавека. 
Тады вучні Ягоныя, прыступіўшы, сказалі Яму: ці ведаеш, што фарысэі, пачуўшы слова гэтае, запаняверыліся? 
А Ён сказаў у адказ: усякая расьліна, якую не Айцец Мой Нябесны пасадзіў, выкараніцца, 
пакіньце іх: яны - сьляпыя павадыры сьляпых; а калі сьляпы сьляпога вядзе, дык абодва ў яму ўпадуць. 
А Пётр сказаў Яму ў адказ: растлумач нам прытчу гэтую. 
Ісус сказаў: няўжо і вы яшчэ ня маеце разуменьня? 
ці яшчэ не разумееце, што ўсё, што ўваходзіць у вусны, праходзіць у чэрава і праз кішку выходзіць? 
а што выходзіць з вуснаў - з сэрца выходзіць; і гэта апаганьвае чалавека; 
бо з сэрца выходзяць ліхія намыслы, забойствы, пералюбы, распуста, крадзяжы, ілжывыя сьведчаньні, зьнявагі: 
гэта апаганьвае чалавека; а есьці няўмытымі рукамі - не апаганьвае чалавека. 
І выйшаўшы адтуль, адышоў Ісус у межы Тырскія і Сідонскія. 
І вось, жанчына Хананэянка, выйшаўшы з тых мясьцін, закрычала Яму: памілуй мяне, Госпадзе, Сыне Давідаў, дачку маю цяжка мучыць дэман. 
Але Ён не адказаў ёй ні слова. І вучні Ягоныя, прыступіўшы, прасілі Яго, кажучы: адпусьці яе, бо крычыць за намі. 
А Ён сказаў у адказ: Я пасланы толькі да пагіблых авечак дому Ізраілевага. 
А яна, падышоўшы, кланялася Яму, кажучы: Госпадзе! памажы мне. 
А Ён сказаў у адказ: нядобра - узяць хлеб у дзяцей і кінуць шчанятам. 
Яна ж сказала: так, Госпадзе! але і шчаняты ядуць крошкі, якія падаюць са стала гаспадароў іхніх. 
Тады Ісус сказаў ёй у адказ: жанчына! вялікая вера твая, хай станецца табе, як ты хочаш. І выздаравела яе дачка ў тую ж гадзіну. 
Перайшоўшы адтуль, прыйшоў Ісус да мора Галілейскага і, узышоўшы на гару, сеў там. 
І прыступіла да Яго мноства людзей, маючы з сабою кульгавых, сьляпых, нямых, зьнявечаных і іншых многіх, і паклалі іх да ног Ісусавых; і Ён ацаліў іх, 
так што людзі зьдзіўляліся, бачачы, як нямыя гавораць, зьнявечаныя здаравеюць, кульгавыя ходзяць і сьляпыя бачаць; і праслаўлялі Бога Ізраілевага. 
А Ісус, паклікаўшы вучняў Сваіх, сказаў ім: шкада Мне людзей, бо ўжо тры дні застаюцца пры Мне, і няма чаго ім есьці; і адпусьціць іх няеўшых не хачу, каб не аслаблі ў дарозе. 
І кажуць Яму вучні Ягоныя: адкуль нам узяць у пустыні столькі хлябоў, каб накарміць столькі людзей? 
І кажа ім Ісус: колькі ў вас хлябоў? А яны адказалі: сем, і трошкі рыбак. 
І загадаў людзям узьлегчы на зямлю. 
І, узяўшы сем хлябоў і рыбы, узьнёс падзяку, пераламаў і даў вучням Сваім, а вучні - людзям. 
І елі ўсе, і наеліся; і набралі рэшты кавалкаў сем кашоў поўных; 
А тых, што елі, было чатыры тысячы чалавек, акрамя жанчын і дзяцей. 
І адпусьціўшы народ, Ён увайшоў у лодку і прыбыў у межы Магдалінскія. 
