﻿МАЦЬВЕЯ.
20.
Бо Царства Нябеснае падобнае на гаспадара дома, які выйшаў на досьвітку наняць работнікаў у вінаграднік свой. 
І, згадзіўшы работніка па дынары ў дзень, паслаў іх у вінаграднік свой. 
І выйшаўшы каля трэйцяй гадзіны, ён убачыў іншых, якія стаялі на рынку бяз працы, 
і ім сказаў: ідзеце і вы ў вінаграднік мой, і што справядліва будзе, дам вам. Яны пайшлі. 
Зноў выйшаўшы каля шостай і дзявятай гадзіны, зрабіў тое самае. 
А, выйшаўшы каля адзінаццатай гадзіны, ён знайшоў іншых, якія стаялі бяз працы, і кажа ім: што вы тут стаіце цэлы дзень бяз працы? 
Яны кажуць яму: ніхто не наняў нас. Ён кажа ім: ідзеце і вы ў вінаграднік мой, і што справядліва будзе, атрымаеце. 
А калі зьвечарэла, кажа гаспадар вінаградніка наглядчыку свайму: пакліч работнікаў і аддай ім плату, пачаўшы з апошніх да першых. 
І тыя, што прыйшлі каля адзінаццатай гадзіны, атрымалі па дынары. 
Тыя, што прыйшлі першыя, думалі, што болей атрымаюць; але атрымалі і яны па дынары. 
І атрымаўшы, пачалі наракаць на гаспадара дома 
і казалі: гэтыя апошнія адну гадзіну працавалі, і ты зраўняў іх з намі, а мы ж перанесьлі цяготу дня і сьпёку. 
А ён у адказ сказаў аднаму зь іх: дружа! я ня крыўджу цябе; ці ж не за дынар ты дамовіўся са мною? 
вазьмі сваё ды ідзі; я ж хачу гэтаму апошняму даць што і табе; 
хіба я ня маю ўлады рабіць што хачу ў сваім? ці вока тваё зайздросьлівае ад таго, што я добры? 
Так будуць апошнія першымі, і першыя апошнімі; бо шмат пакліканых, ды мала выбраных. 
І, уваходзячы ў Ерусалім, Ісус адвёў дванаццацёх вучняў асобна і дарогаю сказаў ім: 
вось, мы ўзыходзім у Ерусалім, і Сын Чалавечы, выдадзены будзе першасьвятарам і кніжнікам, і засудзяць Яго на сьмерць; 
і выдадуць Яго язычнікам на ганьбаваньне і біцьцё і крыжаваньне; і на трэйці дзень уваскрэсьне. 
Тады прыступіла да Яго маці сыноў Зевядзеевых з сынамі сваімі, кланяючыся і чагосьці просячы ў Яго. 
Ён жа сказаў ёй: чаго ты хочаш? Яна кажа Яму: скажы, каб селі гэтыя два сыны мае адзін праваруч, а другі леваруч ад Цябе ў Царстве Тваім. 
Ісус сказаў у адказ: ня ведаеце, чаго просіце; ці можаце піць чару, якую Я буду піць, альбо хрышчэньнем, якім Я хрышчуся, хрысьціцца? Яны кажуць Яму: можам. 
І кажа ім: чару Маю будзеце піць, і хрышчэньнем, якім Я хрышчуся, будзеце хрысьціцца; але даць сесьці ў Мяне праваруч і леваруч не ад Мяне залежыць, а каму ўгатавана Айцом Маім. 
Пачуўшы гэта, дзесяцёра вучняў абурыліся на двух братоў. 
Ісус жа, паклікаўшы іх, сказаў: вы ведаеце, што князі народаў пануюць над імі, і вяльможы валадараць над імі. 
Але ня так хай будзе паміж вамі: а хто хоча між вамі большым быць, хай будзе вам слугою; 
і хто хоча між вамі быць першым, хай будзе вам рабом; 
бо Сын Чалавечы ня прыйшоў, каб Яму служылі, а каб паслужыць і аддаць душу Сваю як выкуп за многіх. 
І калі выходзілі яны зь Ерыхона, за Ім сьледам ішло мноства людзей. 
І вось, двое сьляпых, што сядзелі пры дарозе, пачуўшы, што Ісус ідзе міма, пачалі крычаць: памілуй нас, Госпадзе, Сыне Давідаў! 
А людзі змушалі іх маўчаць; але яны яшчэ галасьней закрычалі: памілуй нас, Госпадзе, Сыне Давідаў! 
Ісус, спыніўшыся, паклікаў іх і сказаў: што вы хочаце, каб Я зрабіў вам? 
Яны кажуць Яму: Госпадзе! каб адкрыліся вочы нашыя. 
Ісус жа, умілажаліўшыся, дакрануўся да вачэй іхніх; і адразу вочы іх пачалі бачыць, і яны пайшлі за Ім. 
