﻿МАЦЬВЕЯ.
22.
І ў адказ Ісус зноў прамовіў да іх у прытчах, кажучы: 
падобнае Царства Нябеснае на чалавека-цара, які справіў вясельле сыну свайму 
і паслаў рабоў сваіх клікаць запрошаных на вясельле; і не хацелі прыйсьці. 
Зноў паслаў іншых рабоў, сказаўшы: скажэце запрошаным: «вось я прыгатаваў абед мой, цяляты мае і што ўкормлена, заколата, і ўсё гатова; прыходзьце на вясельле». 
Але яны, ня даўшы ўвагі, пайшлі, хто на поле сваё, а хто да гандлю свайго. 
Астатнія ж, схапіўшы рабоў ягоных, зьняважылі і забілі іх. 
І пачуўшы, цар той угневаўся, і, паслаўшы войскі свае, вынішчыў забойцаў тых і горад іхні спаліў. 
Тады кажа ён рабам сваім: вясельле гатова, а запрошаныя ня былі вартыя. 
Дык вось, ідзеце на ростані і ўсіх, каго спаткаеце, клічце на вясельле. 
І рабы тыя, выйшаўшы на дарогі, сабралі ўсіх, каго толькі знайшлі, і благіх і добрых; і напоўнілася вясельле бяседнікамі. 
Цар, увайшоўшы паглядзець на бяседнікаў, убачыў там чалавека, апранутага не ў вясельныя строі, 
і кажа яму: дружа! як ты ўвайшоў сюды не ў вясельных строях? А той маўчаў. 
Тады сказаў цар слугам: зьвязаўшы яму рукі і ногі, вазьмеце яго і выкіньце ў цемру вонкавую: там будзе плач і скрыгат зубоў; 
бо шмат пакліканых, ды мала выбраных. 
Тады фарысэі пайшлі і дамаўляліся, як падлавіць Яго на слове. 
І пасылаюць да Яго вучняў сваіх зь ірадыянамі, кажучы: Настаўнік! мы ведаем, што Ты справядлівы, і шляху Божаму праўдзіва вучыш, і не стараешся дагадзіць каму-небудзь, бо не глядзіш на абліччы; 
дык вось скажы нам: як Табе здаецца? ці дазваляецца даваць падатак кесару, ці не? 
Але Ісус, убачыўшы зламыснасьць іхнюю, сказаў: што спакушаеце Мяне, крывадушнікі? 
пакажэце Мне манету, якою плаціцца падатак. Яны прынесьлі Яму дынар. 
І кажа ім: чыя гэта выява і надпіс? 
І кажуць Яму: кесаравы. Тады кажа ім: дык аддавайце кесарава кесару, а Божае Богу. 
Пачуўшы гэта, яны зьдзівіліся і пакінуўшы Яго, пайшлі. 
У той дзень падступіліся да Яго садукеі, якія кажуць, што няма ўваскрэсеньня, і спыталіся ў Яго: 
Настаўнік! Майсей сказаў: «калі хто памрэ, ня маючы дзяцей, хай возьме брат ягоны жонку ягоную і адродзіць семя брату свайму». 
Было ў нас сем братоў: першы, ажаніўшыся, памёр і, ня маючы дзяцей, пакінуў жонку сваю брату свайму; 
гэтак сама і другі, і трэйці, нават да сёмага; 
а пасьля ўсіх памерла і жонка. 
Дык вось, ва ўваскрэсеньні, катораму зь сямёх будзе яна за жонку? бо ўсе мелі яе? 
Ісус сказаў ім у адказ: памыляецеся, ня ведаючы Пісаньняў, ні сілы Божай; 
бо ва ўваскрэсеньні ні жэняцца, ні выходзяць замуж, а жывуць, як анёлы Божыя на нябёсах. 
А пра ўваскрэсеньне мёртвых ці ня чыталі вы сказанага вам Богам: 
«Я Бог Абрагама, і Бог Ісаака, і Бог Якава»? Бог ня ёсьць Бог мёртвых, а жывых». 
І пачуўшы, люд зьдзіўляўся з вучэньня Ягонага. 
А фарысэі, пачуўшы, што Ён прывёў садукеяў у маўчаньне, сабраліся разам. 
І спытаўся адзін зь іх, законьнік, спакушаючы Яго і кажучы: 
Настаўнік! якая запаведзь найбольшая ў законе? 
Ісус жа сказаў яму: «палюбі Госпада Бога твайго ўсім сэрцам тваім, і ўсёю душою тваёю, і ўсім разуменьнем тваім»; 
гэта найбольшая і першая запаведзь; 
а другая падобная да яе: «палюбі блізкага твайго, як самога сябе»; 
на гэтых дзьвюх запаведзях грунтуецца ўвесь закон і прарокі. 
Калі ж сабраліся фарысэі, спытаўся ў іх Ісус: 
што вы думаеце пра Хрыста? чый Ён сын? Кажуць Яму: Давідаў. 
Кажа ім: як жа Давід, з натхненьня, Госпадам Яго называе, калі кажа: 
«Сказаў Гасподзь Госпаду майму: сядзі праваруч ад Мяне, пакуль пакладу ворагаў Тваіх у падножжа ног Тваіх»? 
Дык вось, калі Давід называе Яго Госпадам, як жа Ён сын яму? 
І ніхто ня мог адказаць Яму ні слова; і не адважваўся ўжо ніхто з таго дня дапытвацца ў Яго. 
