﻿МАЦЬВЕЯ.
27.
Калі ж настала раніца, зрабілі нараду ўсе першасьвятары і старэйшыны народу супраць Ісуса, каб аддаць Яго на сьмерць: 
і зьвязаўшы Яго, завялі і перадалі яго Понцію Пілату, намесьніку. 
Тады Юда, які выдаў Яго, убачыўшы, што засудзілі Яго, і раскаяўшыся, аддаў трыццаць срэбранікаў першасьвятарам і старэйшынам, 
кажучы: зграшыў я, прадаўшы кроў нявінную. Яны ж сказалі: што нам да таго? глядзі сам. 
І кінуўшы срэбранікі ў храме, ён адышоў; і пайшоўшы, павесіўся. 
Першасьвятары, узяўшы срэбранікі, сказалі: не дазваляецца класьці іх у храмавую скарбніцу, бо гэта цана крыві. 
І зрабіўшы нараду, купілі на іх поле ганчара для пахаваньня чужынцаў; 
таму і называецца поле тое «полем крыві» па сёньняшні дзень; 
тады збылося сказанае праз прарока Ерамію, які кажа: і ўзялі трыццаць срэбранікаў, цану Ацэненага, Якога ацанілі сыны Ізраілевыя, 
і далі іх за поле ганчара, як сказаў мне Гасподзь. 
Ісус жа стаў перад намесьнікам. І спытаўся ў Яго намесьнік, кажучы: Ты Цар Юдэйскі? А Ісус сказаў яму: ты кажаш. 
І калі вінавацілі Яго першасьвятары і старэйшыны, Ён нічога не адказваў. 
Тады кажа Яму Пілат: ці ня чуеш, колькі сьведчаць супроць Цябе? 
І не адказваў яму на ніводнае слова, так што намесьнік вельмі зьдзіўляўся. 
А на сьвята намесьнік меў звычай выпускаць народу аднаго вязьня, якога б хацелі. 
Быў тады ў іх вядомы вязень, званы Варава. 
І вось, як сабраліся яны, сказаў ім Пілат: каго хочаце, каб я выпусьціў вам: Вараву ці Ісуса, Якога завуць Хрыстом? 
Бо ведаў, што з зайздрасьці выдалі Яго. 
Тым часам, як сядзеў ён на судовым месцы, жонка ягоная паслала яму сказаць: не рабі нічога Праведніку Таму, бо я сёньня ў сьне шмат адцярпела за Яго. 
Але першасьвятары і старэйшыны падбухторылі люд прасіць Вараву, а Ісуса загубіць. 
Тады намесьнік сказаў у адказ: каго хочаце з двух, каб я выпусьціў вам? Яны сказалі: Вараву. 
Кажа ім Пілат: што ж мне зрабіць зь Ісусам, Якога завуць Хрыстом? Кажуць яму ўсе: хай будзе ўкрыжаваны! 
А намесьнік сказаў: якое ж ліха ўчыніў Ён? Але яны яшчэ мацней крычалі: хай будзе ўкрыжаваны! 
Пілат, бачачы, што нічога не дапамагае, а неспакой расьце, узяў вады і ўмыў рукі перад людзьмі, кажучы: невінаваты я ў крыві Праведніка Гэтага; глядзеце самі. 
І, адказваючы, увесь люд сказаў: Кроў Ягоная на нас і на дзецях нашых. 
Тады выпусьціў ім Вараву, а Ісуса, біўшы, аддаў на крыжаваньне. 
Тады воіны намесьнікавы, узяўшы Ісуса ў прэторыю, сабралі на Яго цэлы полк, 
і разьдзеўшы Яго, надзелі на Яго пурпуру; 
і, сплёўшы вянок зь цёрну, усклалі на галаву Яму і далі Яму ў правую руку кій, і, укленчыўшы перад Ім, кпілі зь Яго, кажучы: радуйся, Цар Юдэйскі! 
і плявалі на Яго і, узяўшы кій, білі па галаве Яго. 
І калі назьдзекаваліся зь Яго, зьнялі зь Яго пурпуру і апранулі Яго ў адзежу Ягоную, і павялі Яго на крыжаваньне. 
Выходзячы, спаткалі яны аднаго Кірынеяніна, імем Сымон: яго і прымусілі несьці крыж Ягоны. 
І прыйшоўшы на месца, якое называецца Галгофа, што азначае «месца чарапоў», 
далі Яму піць воцату, зьмяшанага з жоўцю; і, пакаштаваўшы, не хацеў піць. 
Тыя, што ўкрыжавалі Яго, дзялілі вопратку Ягоную, кідаючы жэрабя; 
і, седзячы, вартавалі Яго там; 
і зьмясьцілі над галавою Ягонай надпіс зь віною Яго: Гэты ёсьць Ісус, Цар Юдэйскі. 
Тады ўкрыжавалі зь Ім двух разбойнікаў: аднаго па правы бок, а другога па левы. 
А тыя, што міма праходзілі, зьневажалі Яго, ківаючы галовамі сваімі 
і кажучы: Ты, што разбураеш храм і за тры дні будуеш! уратуй Сябе Самога. Калі Ты Сын Божы, сыйдзі з крыжа. 
Падобна і першасьвятары з кніжнікамі і старэйшынамі і фарысэямі, насьміхаючыся, казалі: 
іншых ратаваў, а Самога Сябе ня можа ўратаваць. Калі Ён Цар Ізраілеў, хай цяпер сыйдзе з крыжа, і ўверуем у Яго; 
спадзяваўся на Бога: хай цяпер выбавіць Яго, калі Ён угодны Яму. Бо Ён сказаў: Я Божы Сын. 
Таксама і разбойнікі, укрыжаваныя зь Ім, зьневажалі Яго. 
Ад шостай жа гадзіны цемра настала па ўсёй зямлі да гадзіны дзявятай. 
А каля дзявятай гадзіны ўскрыкнуў Ісус моцным голасам, кажучы: Ілі, Ілі! ламб савахвані? што азначае: Божа Мой, Божа Мой! чаму Ты Мяне пакінуў? 
Некаторыя, што стаялі там, чуючы гэта, казалі: Ільлю кліча Ён. 
І адразу пабег адзін зь іх, узяў губку, намачыў у воцат і, насадзіўшы на кій, даваў Яму піць; 
а другія казалі: пастой; пабачым, ці прыйдзе Ільля ўратаваць Яго. 
А Ісус, зноў ўскрыкнуўшы моцным голасам, выпусьціў дух. 
І вось, завеса храма разадралася напалам, зьверху данізу; і зямля здрыганулася: і каменьне раскалолася; 
і магілы расчыніліся; і многія целы памерлых паўсталі; 
і выйшаўшы з магілаў пасьля ўваскрэсеньня Ягонага, увайшлі ў сьвяты горад і явіліся многім. 
А сотнік і тыя, што зь ім вартавалі Ісуса, бачачы землятрус і ўсё, што адбылося, перапалохаліся вельмі і казалі: сапраўды Ён быў Сын Божы. 
Там былі таксама і глядзелі здалёк многія жанчыны, якія ішлі сьледам за Ісусам з Галілеі, служачы Яму; 
сярод іх былі Марыя Магдаліна і Марыя, маці Якава і Ёсіі, і маці сыноў Зевядзеевых. 
Калі ж зьвечарэла, прыйшоў багаты чалавек з Арыматэі, імем Язэп, які таксама вучыўся ў Ісуса; 
ён, прыйшоўшы да Пілата, прасіў Цела Ісусавага. Тады Пілат загадаў аддаць Цела. 
І ўзяўшы Цела, Язэп абгарнуў яго чыстым палатном 
і паклаў яго ў новай сваёй магіле, якую высек у скале; і прываліўшы вялікі камень да дзьвярэй магілы, адышоў. 
Была ж там Марыя Магдаліна і другая Марыя, якія сядзелі насупраць магілы. 
На другі дзень, які ідзе за пятніцай, сабраліся першасьвятары і фарысэі да Пілата 
і казалі: спадару! мы ўспомнілі, што ашуканец той, яшчэ калі быў жывы, сказаў: «праз тры дні ўваскрэсну»; 
дык вось, загадай вартаваць магілу да трэйцяга дня, каб вучні Ягоныя, прыйшоўшы ўначы, ня ўкралі Яго і не сказалі народу: «уваскрэс зь мёртвых», і будзе апошняе ашуканства горшае за першае. 
А Пілат сказаў ім: маеце варту; ідзеце, ахоўвайце, як ведаеце. 
Яны пайшлі і ахоўвалі магілу, прыклаўшы пячатку да каменя і паставіўшы варту. 
