﻿МАЦЬВЕЯ.
28.
Як прайшла субота, на сьвітаньні першага дня тыдня, прыйшла Марыя Магдаліна і другая Марыя паглядзець магілу. 
І вось, зрабіўся вялікі землятрус, бо анёл Гасподні, які сышоў зь неба, прыступіўшы, адваліў камень ад уваходу ў магілу і сядзеў на ім; 
выгляд жа ягоны быў, як маланка, і ўбраньне ягонае белае, як сьнег. 
І ад страху перад ім затрымцелі вартаўнікі, і сталі як мёртвыя. 
Анёл жа, прамаўляючы да жанчын, сказаў: ня бойцеся вы; бо ведаю, што вы шукаеце Ісуса ўкрыжаванага; 
няма Яго тут; Ён уваскрэс, як сказаў; падыдзеце, пабачце месца, дзе ляжаў Гасподзь; 
ды ідзеце хутчэй, скажэце вучням Ягоным, што Ён уваскрэс зь мёртвых і сустрэне вас у Галілеі: там Яго ўбачыце; вось я сказаў вам. 
І пайшоўшы сьпешна ад магілы, яны са страхам і радасьцю вялікаю пабеглі паведаміць вучням Ягоным; 
калі ж ішлі яны паведаміць вучням Ягоным, і вось, Ісус сустрэў іх і сказаў: радуйцеся! І яны, прыступіўшы, абхапілі ногі Ягоныя і пакланяліся Яму. 
Тады кажа ім Ісус: ня бойцеся; ідзеце, паведаміце братам Маім, каб ішлі ў Галілею, і там яны ўбачаць мяне. 
А калі яны ішлі, дык некаторыя з варты, увайшоўшы ў горад, паведамілі першасьвятарам усё, што адбылося. 
І яны, сабраўшыся са старэйшынамі і зрабіўшы нараду, немалыя грошы далі воінам, 
кажучы: скажэце, што вучні Ягоныя, уначы прыйшоўшы, укралі Яго, калі мы спалі; 
і калі чуткі пра гэта дойдуць да намесьніка, мы пераканаем яго і вас ад няпрыемнасьці ўратуем. 
Яны ж, узяўшы грошы, зрабілі, як навучаныя былі. І пранеслася слова гэтае сярод Юдэяў аж да сёньняшняга дня. 
Адзінаццаць жа вучняў пайшлі ў Галілею, на гару, куды загадаў ім Ісус; 
і, убачыўшы Яго, пакланіліся Яму; а другія засумняваліся. 
І, прыступіўшы, Ісус сказаў ім: дадзена Мне ўсякая ўлада на небе і на зямлі: 
дык ідзеце, навучайце ўсе народы, хрысьцячы іх у імя Айца і Сына і Сьвятога Духа, 
вучачы іх выконваць усё, што Я запаведаў вам; і вось, Я з вамі ва ўсе дні да сканчэньня веку. Амін.
