﻿МАРКА.
3.
І ўвайшоў зноў у сынагогу; там быў чалавек з высахлаю рукою. 
І сачылі за Ім, ці не ацаліць яго ў суботу, каб зьвінаваціць Яго. 
А Ён кажа чалавеку з сухою рукою: стань пасярэдзіне. 
А ім кажа: ці належыць у суботу дабро чыніць, альбо зло чыніць? душу ўратаваць, альбо загубіць? Але яны маўчалі. 
І з гневам на іх паглядзеўшы, смуткуючы па ачарсьцьвеньні сэрцаў іхніх, кажа таму чалавеку: працягні руку тваю. Той працягнуў, і стала рука ягоная здаровая, як другая. 
Фарысэі, выйшаўшы, адразу зладзілі зь ірадыянамі нараду супраць Яго, як бы загубіць Яго. 
Але Ісус з вучнямі Сваімі адышоў да мора, і за Ім пайшло мноства людзей з Галілеі, Юдэі, 
Ерусаліма, Ідума і з-за Ярдана. І з навакольляў Тыра і Сідона, пачуўшы, што Ён рабіў, ішлі да Яго ў вялікім мностве. 
І сказаў вучням Сваім, каб напагатове была Яму лодка, з прычыны шматлюдзтва, каб ня ціснулі на Яго. 
Бо многіх Ён ацаліў, так што тыя, хто быў хворы, кідаліся да Яго, каб дакрануцца да Яго. 
І духі нячыстыя, калі бачылі Яго, падалі перад Ім і крычалі: Ты - Сын Божы. 
Але Ён строга выгаворваў ім, каб не адкрывалі Яго. 
Потым узышоў на гару і паклікаў да Сябе, каго Сам хацеў; і пайшлі да Яго. 
І паставіў дванаццацёх, каб зь Ім былі і каб пасылаць іх зьвеставаць, 
і каб мелі яны ўладу ацаляць ад хваробаў і выганяць дэманаў: 
паставіў Сымона, даўшы яму імя Пётр; 
Якава Зевядзеевага і Яна, брата Якаўлевага, даўшы ім імёны Воанергес, гэта азначае, «сыны громавыя»; 
Андрэя, Піліпа, Барталамея, Мацьвея, Тамаша, Якава Алфеевага, Тадэя, Сымона Кананіта 
і Юду Іскарыёцкага, які і выдаў Яго. 
Прыходзяць у дом; і зноў зьбіраецца люд, так што яны не маглі нават хлеба паесьці. 
І пачуўшы, блізкія Ягоныя пайшлі забраць Яго, бо казалі, што Ён не ў сабе. 
А кніжнікі, якія прыйшлі зь Ерусаліма, казалі, што Ён мае ў Сабе Вэльзэвула і што выганяе дэманаў сілаю дэманскага князя. 
І паклікаўшы іх, казаў ім прытчамі: як можа сатана выганяць сатану? 
Калі царства разьдзеліцца самое ў сабе, ня можа ўстояць царства тое; 
і калі дом разьдзеліцца сам у сабе, ня можа ўстояць дом той; 
і калі сатана паўстаў на самога сябе і разьдзяліўся, ня можа ўстояць, а настаў канец ягоны. 
Ніхто, увайшоўшы ў дом дужага, ня можа зрабаваць рэчаў ягоных, калі сьпярша ня зьвяжа дужага, - і тады зрабуе дом ягоны. 
Праўду кажу вам: дараваныя будуць сынам чалавечым усе грахі і блюзьнерствы, якімі б ні блюзьнерылі; 
але хто будзе блюзьнерыць на Духа Сьвятога, таму ня будзе дараваньня вавекі, а падлягае ён вечнай асудзе. 
Гэта сказаў Ён, бо казалі: у Ім нячысты дух. 
І прыйшлі Маці і браты Ягоныя і, стоячы звонку, паслалі да Яго паклікаць Яго. 
Каля Яго сядзеў люд. І сказалі Яму: вось, Маці Твая і браты Твае і сёстры Твае, вонкі, пытаюцца Цябе. 
І адказаў ім: хто Маці Мая і браты Мае? 
І азірнуўшы тых, што сядзелі вакол Яго, кажа: вось маці Мая і браты Мае; 
бо, хто будзе выконваць волю Божую, той Мне брат і сястра і маці. 
