﻿МАРКА.
11.
Калі наблізіліся да Ерусаліма, да Віфагіі і Віфаніі, да гары Аліўнай, Ісус пасылае двух вучняў Сваіх 
і кажа ім: ідзеце ў селішча, што проста перад вамі; уваходзячы ў яго, адразу знойдзеце маладога асла, на якога ніхто зь людзей не садзіўся; адвяжэце яго, прывядзеце; 
і калі вам хто скажа: «Што гэта вы робіце?», адказвайце, што ён патрэбен Госпаду; і адразу пашле яго сюды. 
Яны пайшлі, і знайшлі маладога асла, прывязанага каля варот пры дарозе, і адвязалі яго. 
І некаторыя, што стаялі там, казалі ім: што робіце? навошта адвязваеце асьляня? 
Яны адказвалі ім, як наказаў Ісус; і тыя адпусьцілі іх. 
І прывялі да Ісуса асьляня, і ўсклалі на яго адзеньне сваё; Ісус сеў на яго. 
А многія пасьцілалі адзеньне сваё на дарозе, а іншыя рэзалі вецьце з дрэваў і пасьцілалі на дарозе. 
І тыя, што ішлі паперадзе і сьледам, усклікалі: асанна! дабраславёны Той, Хто ідзе ў імя Гасподняе! 
дабраславёнае царства айца нашага Давіда, што ідзе ў імя Гасподняе! асанна ў вышынях! 
І ўвайшоў Ісус у Ерусалім і ў храм; і агледзеўшы ўсё, як што час ужо быў позьні, выйшаў у Віфанію з дванаццацьцю. 
На другі дзень, калі яны выйшлі зь Віфаніі, Ён схацеў есьці; 
і, угледзеўшы здалёку смакоўніцу, пакрытую лісьцем, пайшоў, ці ня знойдзе чаго на ёй; але, падышоўшы да яе, нічога не знайшоў, апрача лісьця, бо яшчэ ня час быў зьбіраць смоквы. 
І сказаў ёй Ісус: ад сёньня хай ніхто зь цябе ня есьць плоду вавек. І чулі гэта вучні Ягоныя. 
Прыйшлі ў Ерусалім. Ісус, увайшоўшы ў храм, пачаў выганяць прадаўцоў і пакупцоў у храме; і сталы мяняйлаў і ўслоны прадаўцоў галубоў абярнуў; 
і не дазваляў, каб хто пранёс праз храм якую-небудзь рэч. 
І вучыў іх, кажучы: ці ж не напісана: ёдом Мой домам малітвы назавецца для ўсіх народаўё? - а вы зрабілі зь яго логва разбойнікаў. 
Пачулі гэта кніжнікі і першасьвятары і шукалі, як бы загубіць Яго; бо баяліся Яго, таму што ўвесь люд зьдзіўляўся з вучэньня Ягонага. 
А калі настаў вечар, Ён выйшаў з горада. 
Раніцай, праходзячы міма, убачылі, што смакоўніца засохла да кораня. 
І, прыгадаўшы, Пётр кажа Яму: Равьві! паглядзі, смакоўніца, якую Ты пракляў, усохла. 
Ісус, адказваючы, кажа ім: 
майце веру Божую. Бо праўду кажу вам: калі хто скажа гары гэтай: ёпадыміся і кінься ў мораё, і не засумняваецца ў сэрцы сваім, а паверыць, што збудзецца паводле словаў ягоных, - будзе яму, што ні скажа. 
Таму кажу вам: усё, чаго ні будзеце прасіць у малітве, верце, што атрымаеце, - і будзе вам. 
І калі стаіце на малітве, даруйце, калі што маеце на каго, каб і Айцец ваш нябесны дараваў вам грахі вашыя; 
калі ж не даруеце, дык і Айцец ваш нябесны не даруе вам грахоў вашых. 
Прыйшлі зноў у Ерусалім. І калі Ён хадзіў у храме, падышлі да Яго першасьвятары і старэйшыны 
і казалі Яму: якою ўладаю Ты гэта робіш? і хто Табе даў уладу рабіць гэта? 
Ісус сказаў ім у адказ: папытаюся і Я ў вас адно, адказвайце Мне, тады і Я скажу вам, якою ўладаю гэта раблю: 
хрышчэньне Янава зь нябёсаў было, ці ад людзей? адказвайце Мне. 
Яны ж разважалі паміж сабою: калі скажам «зь нябёсаў» - дык Ён скажа: «чаму ж вы не паверылі яму?» 
а сказаць: «ад людзей», - баяліся народу; бо ўсе лічылі, што Ян сапраўды быў прарок. 
І сказалі ў адказ Ісусу: ня ведаем. Тады Ісус сказаў ім у адказ: і Я не скажу вам, якою ўладаю гэта раблю. 
