﻿МАРКА.
15.
І адразу раніцай першасьвятары з старэйшынамі і кніжнікамі і ўвесь сынедрыён зрабілі нараду і, зьвязаўшы Ісуса, завялі і перадалі Пілату. 
Пілат спытаўся ў Яго: Ты Цар Юдэйскі? А Ён сказаў яму ў адказ: ты кажаш. 
І першасьвятары вінавацілі Яго ў многім. 
А Пілат зноў спытаўся ў Яго: Ты нічога не адказваеш? бачыш, як многа супроць Цябе скаргаў. 
Але Ісус і на гэта нічога не адказваў, так што Пілат зьдзіўляўся. 
А на кожнае сьвята ён адпускаў ім аднаго вязьня, за якога прасілі. 
Тады быў у кайданах нейкі Варава, са сваімі саўдзельнікамі, якія падчас бунту ўчынілі забойства. 
І люд пачаў крычаць і прасіць у Пілата таго, што ён заўсёды рабіў ім. 
Ён сказаў ім у адказ: ці хочаце, адпушчу вам Цара Юдэйскага? 
Бо ведаў, што першасьвятары выдалі Яго з зайздрасьці. 
Але першасьвятары падбухторылі людзей прасіць, каб адпусьціў ім лепей Вараву. 
Пілат, адказваючы, зноў сказаў ім: а што хочаце, каб я зрабіў з Тым, Якога вы называеце Царом Юдэйскім? 
Яны зноў закрычалі: укрыжуй Яго! 
Пілат сказаў ім: якое ж ліха ўчыніў Ён? Але яны яшчэ мацней закрычалі: укрыжуй Яго! 
Тады Пілат, хочучы дагадзіць людзям, адпусьціў ім Вараву, а Ісуса, бічаваўшы, аддаў на крыжаваньне. 
А воіны завялі Яго ўсярэдзіну двара, гэта значыцца, у прэторыю, і сабралі цэлы полк; 
і апранулі Яго ў пурпуру і, сплёўшы цярновы вянок, усклалі на Яго; 
і пачалі вітаць Яго: радуйся, Цару Юдэйскі! 
І білі яго па галаве кіем, і плявалі на Яго і, кленчачы, кланяліся Яму. 
А калі насьмяяліся зь Яго, зьнялі зь Яго пурпуру, адзелі Яго ў Ягонае адзеньне і павялі Яго, каб крыжаваць Яго. 
І прымусілі праходжага нейкага Кірынеяніна Сымона, бацьку Аляксандравага і Руфавага, які ішоў з поля, несьці крыж Ягоны. 
І прывялі Яго на месца Галгофу, што азначае: «месца чарапоў». 
І давалі яму піць віно зь сьмірнаю; але Ён ня ўзяў. 
Тыя, што ўкрыжавалі Яго, дзялілі вопратку Ягоную, кідаючы жэрабя, каму што ўзяць. 
Была гадзіна трэйцяя, і ўкрыжавалі Яго. 
І быў надпіс віны Яго: Цар Юдэйскі. 
Зь Ім укрыжавалі двух разбойнікаў, аднаго з правага, другога зь левага боку ад Яго. 
І збылося слова Пісаньня: «і да зладзеяў залічаны». 
Тыя, што праходзілі міма, зьневажалі Яго, ківаючы галовамі сваімі і кажучы: э! Той, Хто храм разбурае і за тры дні будуе! 
уратуй Сябе Самога і сыйдзі з крыжа. 
Падобна і першасьвятары з кніжнікамі, насьміхаючыся, казалі адзін аднаму: іншых ратаваў, а Сябе ня можа ўратаваць! 
Хрыстос, Сын Ізраілеў, хай сыйдзе цяпер з крыжа, каб мы бачылі, і ўверуем. І ўкрыжаваныя зь Ім ганілі Яго. 
А на шостай гадзіне настала цемра па ўсёй зямлі аж да гадзіны дзявятай. 
На дзявятай гадзіне ўскрыкнуў Ісус моцным голасам: «Элоі, Элоі! ламма савахфані!», што азначае: «Божа, Божа Мой! чаму Ты Мяне пакінуў?». 
Некаторыя, што стаялі тут, пачуўшы, казалі: вось, Ільлю кліча. 
А адзін пабег, набраў у губку воцату і, насадзіўшы на кій, даваў Яму піць, кажучы: чакайце, паглядзім, ці прыйдзе Ільля зьняць Яго. 
А Ісус, ускрыкнуўшы моцна, выпусьціў дух. 
І завеса ў храме разадралася напалам, зьверху данізу. 
Сотнік, які стаяў насупраць Яго, убачыўшы, што Ён, так ускрыкнуўшы, выпусьціў дух, сказаў: сапраўды Чалавек Гэты быў Сын Божы. 
Былі тут і жанчыны, якія глядзелі здалёк; сярод іх была і Марыя Магдаліна, і Марыя, маці Якава меншага і Ясіі, і Саломія, 
якія і тады, як Ён быў у Галілеі, ішлі сьледам за Ім і служылі Яму, і іншыя многія, што разам зь Ім прыйшлі ў Ерусалім. 
І як ужо зьвечарэла, бо была пятніца, гэта значыць - перадсубоцьце, 
прыйшоў Язэп з Арымафеі, знакаміты сябра рады, які і сам чакаў Царства Божага, адважыўся ўвайсьці да Пілата і прасіў Цела Ісусавага. 
Пілат зьдзівіўся, што Ён ужо памёр; і паклікаўшы сотніка, спытаўся ў яго: ці даўно памёр? 
І даведаўшыся ад сотніка, аддаў Цела Язэпу. 
Ён, купіўшы палатно і зьняўшы Яго, ахінуў палатнінаю і паклаў у магіле, якая была высечана ў скале; і прываліў камень да магільных дзьвярэй. 
А Марыя Магдаліна і Марыя Ясіева глядзелі, дзе Яго клалі. 
